«Каб жыць у Беларусі, а не Белоруссіі» – у Гомлі распачаў працу гурток «Мова дзяцей»

video

Фота kli4nik.info

Першыя заняткі гуртка беларускай мовы для дзяцей адбыліся 2 красавіка. Па колькасці заявак былі сфармаваныя тры групы рознага ўзросту: 4-5 год, 5-6 і 8-12.

Малодшыя дзеткі ў гульнявой форме вывучалі лексіку па тэме вясны, рабілі аплікацыі птушак, танчылі, вывучалі назвы жывёлаў, старэйшыя знаёміліся з першымі плямёнамі Беларусі, малявалі, даведаліся пра Полацк, дрыгавічоў ды Лявона Вольскага.

Арганізатарам з’яўляецца Таварыства беларускай мовы ў Гомлі, старшыня і каардынатар гуртка – Алеся Аўласевіч:

«Да мяне звярнуліся бацькі дзяцей, якія хочуць стварыць такі гурток і мы вырашылі, што варта запрасіць і іншых. Нечакана прыемна было атрымаць больш за 30 заявак ад зацікаўленых гамельчукоў, таму арганізавалі тры групы, каб камфортна было паводле колькасці і паводле ўзросту».

Сваймі ўражаннямі дзеліцца маладая маці Юлія:

«Нам вельмі спадабалася. Цімафей яшчэ паўдня прыгадваў беларускія назвы жывёлаў. Прыйшлі, каб працягваць вывучаць родную мову. Усё ж з дзяцінства трэба ўкладаць у самасвядомасць, асабліва, калі ўлічыць, што ўдома мала размаўляем на беларускай мове, а па-за хатай яна прысутнічае толькі на занятках у межах агульнаадукацыйнай праграмы. Родная мова патрэбная дзецям, каб яны ўсведамлялі, што жывуць у сваёй краіне з назвай Беларусь, а не нейкай выдуманай «Белоруссіі».

Гомельская арганізацыя ТБМ першай у горадзе арганізавала ў лістападзе 2014 беларускамоўны гурток аратарскага майстэрства «Лемантар», у межах якога правялі больш за 25 заняткаў.

МЯ, паводле kli4nik.info

Глядзі таксама
Каментары