«Каб не думалі, што мы – секта». У Горадні ствараюць музей Беларускай Уніяцкай царквы


Яшчэ напрыканцы XVIII ст. уніятамі сябе лічылі каля 75% жыхароў сучаснай тэрыторыі Беларусі. Цяпер засталося меней за 20 дробных парафіяў на ўсю краіну. Чаму адзіная ўнія, якая на практыцы яднала хрысціянаў, аказалася для ўсіх «нязручнай»?

Грэка-каталіцкі святар у Горадні пачаў збіраць экспанаты для першага і адзінага ў Беларусі музею Беларускай Уніяцкай царквы. Душпастыр гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Адрэй Крот кажа, што ідэя стварэння музею была натуральнай у сувязі з няспыннымі просьбамі ахвотных пабачыць, дзе моляцца грэка-каталікі. У парафію рэгулярна прыходзяць наведнікі. Зусім нядаўна прыходзіла моладзь аднаго з касцёлаў у Горадні, неўзабаве будзе экскурсія для людзей больш сталага веку. Такі куточак гісторыі вельмі патрэбны, – лічыць святар.

«Мы і ствараем музей для таго, каб захоўваць і папулярызаваць нашую спадчыну. Каб людзі ведалі, што такая царква існавала. Каб ведалі, які ўнёсак яна ў культуру беларусаў зрабіла, што гэта – не нейкая секта, якая з’явілася тут пасля распаду Савецкага саюзу, а царква, якая мае сваю традыцыю і гэтая традыцыя ніколі не перарывалася, нават калі афіцыйна яна была забароненая».

Яшчэ ў канцы 18-га стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўніятамі сябе лічылі каля 75 % жыхароў. Іншыя канфесіі складалі пэўны адсотак, але гэта была меншасць. Сёння па ўсёй Беларусі дзейнічае каля 20-ці супольнасцяў, у кожнай ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх тысяч чалавек. Як сталася, што самая распаўсюджаная ў свой час царква ў Беларусі амаль цалкам знікла?

Нязручная «сялянская вера»

 

img_9101

«Грэка-каталіцкая царква ніколі не была любімая. З самага пачатку яна была нязручнай для ўсіх, пачынаючы ад часоў падпісання ўніі. Часта гаворыцца, што гэта была палітычная справа, якую ўлады Рэчы Паспалітай зрабілі, каб навярнуць усіх праваслаўных на каталіцызм і зрабіць з іх палякаў. Не. Мы бачым, што з самага пачатку ўлады Рэчы Паспалітай былі супраць яе. Канцлер Леў Сапега не любіў уніяцкую царкву. Нават каталіцкія біскупы да яе ставіліся вельмі асцярожна. Да гэтага праваслаўныя былі грамадзянамі другога гатунку ў Рэчы Паспалітай, а з падпісаннем уніі, яны станавіліся каталікамі і маглі прэтэндаваць на тыя ж самыя правы, якія мелі каталікі да гэтага. Уніяцкія біскупы таксама маглі прэтэндаваць на тое, каб увайсці ў сенат», – распавядае айцец Андрэй.

Ідэя ўніі не ўсім падабалася з самага пачатку і нават у часы росквіту ў XVIII стагоддзі здараліся не вельмі прыемныя моманты ў стасунку да ўніятаў. Недзе ў першай палове XVIII ст. была прынятая т.зв. «устава аб паповічах», якая абвяшчала, што дзеці грэка-каталіцкіх святароў, калі не станавіліся святарамі, аўтаматычна станавіліся прыгоннымі сялянамі. Гэта стала вялікім ударам па царкве, па яе іміджу і, канешне, па канкрэтных людзях. Калі шматдзетная сям’я і святар мае 10 дзяцей, то толькі старэйшы мог пераняць прыход. Астатнія станавіліся прыгоннымі. Гэтая ўстава пратрывала некалькі дзясяткаў гадоў.

«Заўсёды былі нейкія палітычныя плыні, якія стараліся прынізіць унію. Пра яе казалі, што «то ест хлопска вяра», – кажа Андрэй Крот.

Скасаванне і адраджэнне

img_9188

Уніяцкая Царква ў Беларусі была цалкам скасаваная ў часы Расейскай Імперыі ў 1839-м годзе і далучаная да Расейскай Праваслаўнай Царквы. Сапраўднае адраджэнне ўніі пачалося ў 1920-ых гадах у Заходняй Беларусі, якая трапіла ў склад Польшчы. Аднак і польскія ўлады не спрыялі ўніятам. Айцец Андрэй прыгадвае выпадак, калі адну з капліц у Горадні апячаталі, а там унутры былі Святыя Дары. «Вось так арыштавалі Езуса Хрыста, – жартуе святар. – Таксама высылалі святароў. У 30-я гады замест таго, каб працаваць у Беларусі, нашых святароў шляхам інтрыг адпраўлялі ў Маньчжурыю, каб яны там працавалі сярод расейцаў, якія ўвогуле ніякай уніі не хацелі».

У будучым музеі будуць прадстаўлены некалькі перыядаў існавання Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі, пачынаючы ад падпісання Берасцейскай уніі, перыяд падполля і эміграцыі ў ХХ ст., і таксама перыяд адраджэння царквы ў 90-я гады мінулага стагоддзя.

«Нам такая ідэя прыйшла, бо з’явіліся некалькі рэчаў і мы падумалі, што будзе важна падкрэсліць што ўнія, яна не вычэрпваецца двума сотнямі гадоў існавання ўніяцкай царквы. Яна заўсёды хвалявала розум беларусаў.

Беларусы, як народ, які жыве на памежжы, на сутыкненні некалькіх веравызнанняў, заўсёды імкнуліся да таго, каб нейкім чынам аб’яднацца. Бо ўсе нашыя продкі і сучаснікі разумеюць, што падзел паміж хрысціянамі – гэта не нармальна. І пакуль што больш ніякай такой жыццяздольнай мадэлі акрамя ўніяцкай царквы не прыдумана.

Ужо пачынаючы з 50-60-х гадоў гаворыцца пра патрэбу адзінства паміж хрысціянамі, аднак далей за словы і некаторыя там нязначныя дзеянні гэта не прасунулася. А ўнія была рэальнай еднасцю. Можна яе крытыкаваць за нейкія хібы і недахопы, але на сённяшні момант лепшай ідэі аб’яднання не знойдзена».

Разынкі новага музею

«Пярлінкаю» з усіх экспанатаў стане нядаўна ахвяраваная царкве ўнікальная кніга палемічных разважанняў уладыкі Іпація Пацея, выдадзеная айцамі-базыльянамі ў Супраслі ў 1768-м годзе. «Іпаці Пацей быў адным з заснавальнікаў уніяцкай царквы і доўгі час ёй кіраваў у Беларусі. Аднак старажытныя рэчы пакуль яшчэ збіраюцца, – кажа айцец Андрэй. – Большасць экспанатаў пакуль прадстаўляе ў асноўным больш сучасны перыяд».

Напрыклад, друкаваныя на машынцы казанні айца Віктара Данілава, які ў савецкія часы падпольна служыў у Горадні. Ёсць яго кнігі, якія ён сам друкаваў. Да веры святар прыйшоў, калі сядзеў у сталінскіх лагерах. Што цікава, сядзеў ён за крытыку Сталіна з пункту гледжання Леніна. Пасля вызвалення з лагераў ён хацеў стаць каталіцкім святаром, але магчымасці дзеля гэтага тады не было. У Савецкім саюзе ўсё было вельмі абмежаванае ды быў кантроль за колькасцю семінарыстаў. Таму будучаму айцу параілі ажаніцца і стаць грэка-каталіцкім святаром, што і адбылося ў 1976-м годзе. Парахам гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі айцец Віктар Данілаў заставаўся да 2005-га года. Зараз жыве ў Яраслаўлі з дачкой і ўнукамі.

Яшчэ адным унікальным экспанатам музею будуць святарскія аблачэнні ўладыкі Чэслава Асіповіча, якія пасля яго смерці захоўваліся ў Лондане. Калі ў 90-я гады ў Беларусь прыехаў айцец Аляксандр Надсан, то менавіта ў гэтых аблачэннях ён адслужыў першую літургію пасля адраджэння грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі. У іх ён маліўся таксама і ў Горадні ў Францішканскім касцёле.

Першы ў Беларусі музей Грэка-каталіцкай царквы адчыніцца налета. Айцец Андрэй Крот таксама заахвочвае людзей, якія ў сваіх хатніх архівах маюць рэчы, звязаныя з грэка-каталікамі, далучыцца да стварэння музею. Фінансавае падтрыманне таксама шчыра вітаецца.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары