«Каб не думалі, што беларуская мова гэта расейская-перакручаная». 92-гадовая настаўніца стварыла адмысловы беларускі слоўнік


Жыхарка вёскі Літва Яўгенія Тамашаўна Чаплінская стварыла слоўнік беларускіх слоў, якія не паўтараюцца ні ў расейскай, ні ў польскай мовах.

Уваходзячы ў хату, першае, што кідаецца ў вочы – стопкі беларускіх кніг на стале, сярод якіх, некалькі падпісаныя Нілам Гілевічам.

– Ну так, перапісваліся з ім калісьці, перазвоньваліся часам, – сціпла тлумачыць спадарыня Яўгенія, працягваючы паштоўку.

Ліст ад Ніла Гілевіча з каментарыем пра слоўнік. Васіль Малчанаў/ Белсат

«Добры дзень! Шаноўная Яўгенія Тамашаўна!

На вялікі жаль, мушу пакуль абмежавацца гэтай паштоўкай, на большае – ні часу, ні сіл няма. Слоўнік бясспрэчна цікавы і заслугоўвае ўвагі; але мовазнаўцы і аўтары Этымалагічнага Слоўніка беларускай мовы 12 тамоў будуць, напэўна, з Вамі спрачацца. Мая думка, не трэба лічыць колькасць «чыста сваіх» слоў; у рускай мове «рускіх слоў» не больш, чым у беларускай мове «беларускіх». Ніводнай «чыстай» мовы ў свеце няма. Справа не ў лексіцы, а ў духу мовы, у яе складзе-ладзе, у марфемах і сінтаксісе, у музыцы гучання. Наша мова не мае патрэбы ў апалогіі. Ёй 1000 гадоў. З павагай НГ. 3.9.09»

Прачытаўшы ўслых ліст ад Гілевіча, жанчына пачынае эмацыйна тлумачыць:

«Я толькі паказвала людзям, якім цікава. Надрукfвана нідзе не было. А Ніл Гілевіч… Бачыце, я для каго пісала? Не для вучоных нашых беларускіх, а я пісала людзям! Таму што многія з нашых людзей таксама думаюць, што гэта абы-што, што гэта не мова, што гэта расейская перакручаная. Дык вось я не для мовазнаўцаў пісала, а каб людзі ведалі, што ёсць такая мова, што ёсць свае словы».

Cлоўнік Яўгеніі Чаплінскай. Васіль Малчанаў/ Белсат

92-гадовая Яўгенія Тамашаўна Чаплінская вымае чырвоную папку з шафы і працягвае нам. За шмат гадоў ёй удалося сабраць болей за тысячу аўтэнтычных беларускіх словаў, якія не паўтараюцца ні ў рускай, ні ў польскай мовах. Побач з кожным словам для параўнання стаяць польскія і расейскія аналагі. Штуршком для такога нетыповага хобі, сталіся крыўдлівыя для Яўгеніі Тамашанаўнай словы аднаго з мясцовых студэнтаў, які вярнуўся з Масквы.

«Было так. Адзін студэнт, які прыехаў на канікулы дамоў з Масквы, ён вучыўся там у МФТІ, кажа мне: назавіце мне, хоць адно беларускае слова, якое не было б падобна, ні да рускага ні да польскага. І вось у той момант я яму адно, можа, ці два сказала, а болей усё, нічога ў галаву не прыйшло. На гэтым гутарка скончылася, а я ўжо не магла супакоіцца.

Слоўнік Яўгеніі Чаплінскай. Літва Васіль Малчанаў/ Белсат

Ужо думала толькі пра тое, каб болей знайсці такіх слоў. І так гэтым занялася, што некалькі месяцаў ці колькі там часу, як толькі знайду – такая мне радасць! І запісваю адразу. І больш тысячы слоў знайшла, але ж без аднакарэнных. Калі з гэтага зрабіць прыметнік, дзеяслоў, то будзе 3 тысячы», – распавядае Яўгенія Тамашаўна.

Настаўніцкая дынастыя Белановічаў

Ліст ад Ніла Гілевіча з каментарыем пра слоўнік. Літва Васіль Малчанаў/ Белсат

У адным з лістоў ад Ніла Гілевіча трапляецца на вочы сказ: «Вы – Настаўніца з Вялікай літары, гэта бачна нават па Вашым почырку».

Спадарыня Яўгенія больш за 40 гадоў свайго жыцця працавала настаўніцай пачатковых класаў, спачатку ў родных Маршалках, а пазней у вёсцы Літва, куды пераехала да мужа, які таксама працаваў у школе. Бацькі жанчыны таксама былі настаўнікамі. Пры чым, бацька Тамаш – царскім настаўнікам, а маці, украінка з паходжання і патрыётка – выкладала па-польску.

«Тата, Тамаш Белановіч, быў свядомы беларус. Так, свядомы беларус. Я яшчэ ў школу не хадзіла, яшчэ была маленькая дзяўчынка і ён мяне навучыў на памяць, я і цяпер гэты вершык памятаю:

Хоць малая, хоць крывая, хатачка мая,

Не аддам яе нікому, бо яна мая!

Гэта Купалы верш. Вось як прыходзілі да нас госці, абавязкова прымушалі мяне гэты вершык гаварыць», – узгадвае Яўгенія Тамашаўна, паказваючы партрэты бацькоў, зробленыя ў Вільні ў 1921-м годзе.

Бацькі Яўгеніі Тамашаўны. Літва Васіль Малчанаў/ Белсат

Бацька Тамаш Белановіч, яшчэ да Першай сусветнай вайны быў царскім настаўнікам. Ваяваў на фронце, а пасля таго, як пачалася рэвалюцыя ў Расейскай імперыі, вярнуўся дамоў, ажаніўся і застаўся ў Маршалках.

«Мама, Сафія Белановіч – украінка з крыві і косці. І то свядомая ўкраінка. Патрыётка! Яна прыехала сюды па накіраванні польскай улады, з 20-га года гэта ж Польшча ўжо была. Беларускай мовы яна не ведала. І расейскай. Яна выдатна валодала нямецкай, бо паходзіла з Галіччыны. Украінскую знала і польскую. А тут ужо навучылася па-беларуску, а потым па-расейску», – тлумачыць жанчына.

«Партызаны забаранілі вучыцца, каб не забралі ў СБМ»

Lаваеннае школьнае пасведчанне Яўгенні Чаплінскай, падчас вучобы ў Варшаўскай гімназіі , 1939 г. Літва Васіль Малчанаў/ Белсат

Да 39-га года пакуль прыйшлі Саветы, Яўгенія Тамашаўна скончыла 6 класаў польскай школы. Адзін год адвучылася ў гімназіі ў Варшаве, але пасля таго, як прыехала на канікулы летам 39-га года, пачалася вайна і польскую сталіцу жанчына не ўбачыла больш ніколі.

«У час акупацыі вучылася ў беларускай гандлёвай школе. Прынялі мяне на другі курс, а тады партызаны сказалі маме: «забірай дзяўчыну дамоў!». Таму што там запісваюць у СБМ, Саюз Беларускай моладзі, а яны казалі гэта «смерць беларускай моладзі». Не саюз, а смерць. І мяне забралі, так што трэцяга курсу я не скончыла, – распавядае спадарыня Яўгенія. – Пры Польшчы школа была польская, пры саветах – хоць па-беларуску, але бальшавіцкая, а толькі цяпер у акупацыі беларусы свядомыя хацелі стварыць сваю беларускую школу. Вучылі там і беларускую гісторыю, і мову, і літаратуру і ўсё, нават клас беларускай музыкі быў. Ужо не было гэтага савецкага ўхілу ў час акупацыі. Усяляк было з настаўнікамі, калі саветы вярнуліся. Хто ўцёк, некаторыя пайшлі разам з немцамі на захад. Хто застаўся, некаторых з іх вывезлі, некаторых арыштавалі. Такія лёсы».

Cпадарыня Яўгенія разам з класам, 1973 год. Літва Васіль Малчанаў/ Белсат

Пасля вайны, спадарыня Яўгенія скончыла школу ў Валожыне, а потым педвучылішча ў Лідзе. Калі атрымала адукацыю вярнулася ў родныя Маршалкі і пачала выкладаць для дзетак замест маці.

«Вучыла па-беларуску. І тут у сямігодцы спачатку ўсё было па-беларуску. А потым памаленьку, памаленьку… Сталі з інстытутаў напраўляць маладых настаўнікаў, каторыя ўжо сканчвалі па-расейску. І памаленьку русіфікавалі школы. Спачатку ў гарадах усе сталі расейскія. І тады ўжо на вёсках. Недзе ўжо ў 70-х гэтая русіфікацыя пачалася», – узгадвае Яўгенія Тамашаўна, якая добра памятае, як падчас павышэння кваліфікацыі ў методыках не стала ніводнай песні і гульні для дзетак па-беларуску. Аднак выступы на сходах супраць не давалі ніякіх вынікаў.

Фота Васіль Малчанаў/ Белсат

Сёння былая настаўніца жыве ў маляўнічым доміку ў вёсцы Літва, Маладзечанскага раёну. Мае двух сыноў, якія аднак жывуць у Менску і Маскве.

Яўгеніі Чаплінскай 92 гады і яна ёсць на Facebook. Літва Васіль Малчанаў/ Белсат

Яўгенію Тамашаўну цяжка аднесці да шараговых беларускіх бабуль. У свае 92 гады яна карыстаецца Фэйсбукам (навучыў сын), чытае стос літаратуры, а ў вольны час грае на сінтэзатары духоўную музыку. Некалькі гадоў таму, яна прымусіла свайго сябра-аднавяскоўцу Мікалая Махнача, які эміграваў у Амерыку, напісаць кнігу ўспамінаў пра свае прыгоды і службу ў арміі Андэрса ў ваенныя гады. Кніга пад назвай «Доўгая дарога да свабоды» выйшла невялікім накладам, аднак, дзякуючы скрупулёзнай перакладчыцкай працы спадарыні Яўгеніі засталася ў гісторыі.

Зусім нечакана ў хату да спадарыні Яўгеніі пагрукаліся дзеці, трымаючы галінкі белай парэчкі ў руках.

– Гэта ідуць дзеці, яны любяць са мной пагаварыць, я ім часам цукерку дам.

Спадарыня Яўгенія частуе іх цукеркамі:

– Дзеткі, што трэба сказаць? «Спасіба». А інакш як сказаць? »Дзякуй«. Вось заўсёды трэба казаць «дзякуй», – гэта па-беларуску. Скажы і ты дзякуй.

Пасля спадарыня Яўгенія дадае: «Вёска па-руску гаворыць, таму што школа па-руску. Але адзін задумаўся і кажа дзякуй. Цяпер ужо будуць ісці і прыпамінаць, як гэта, «падзякаваць».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў