«Каб лёс Вялікае Літвы не стаўся лёсам Беларусі!» Някляеў чытае верш у Курапатах


Раніцай у лагеры абаронцаў Курапатаў Уладзімір Някляеў палымяна прачытаў урывак са сваёй паэмы «Паланез».

На ўзгоркі Нальшы коса падаў

Срабрысты дождж, і ў срэбры тым

Стаяў Міндоўг, а поруч з ім –

Ягайла, пяты сын Альгерда…

– Калі ня ведаеш, дык ведай, –

Прамовіў ён, –

Я крыжакам

Пацьвердзіў Жмудзь пасьля Міндоўга,

Бо не яна Айчына нам –

І ў нас няма прад ёю доўга.

А доўг ва ўсіх у нас адзін:

Перад Літвою доўг вялікі

Яшчэ з пары, як Гедзімін

Заваяваў сталіцу вількаў.

Праз гэты доўг –

супроць Масквы –

Я з Польшчай ажаніцца мусіў,

Каб адстаяць Літвы правы,

Каб л ё с Вялікае Літвы

Не стаўся л е с а м Беларусі.

Ды ўсё дарма… Вы лес апелі.

Згубілі ўсё, што продкі мелі,

Ператварылі край ваўкоў

У край зайцоў…

Я маю права

Спытацца з глыбіні вякоў:

Вы хто – народ?

Вы што – дзяржава?

Адкуль, калі няма сьлядоў?

Пазнаўшы зайца па губе,

Вам Жмудзь пад нос паднесла дулю,

Як Беларусь вы на сябе,

На край літвінаў нацягнулі.

Вы разлучылі дух з крывёю

І, абрусеўшы пад Масквою,

Пад назвай, дадзенай Масквой,

Ня сталі нават маскалямі,

А толькі назваю адной –

І тая назва стала вамі.

Вы – беларусы? Хто такія?

Ёсьць Польшча,

Жмудзь,

Літва,

Расія

Як вы ўшчыміліся сярод?

Адкуль зьявіліся? З балот?

З чаго зьляпіліся? З туманаў?..

Такіх падмен,

Такіх падманаў

Ня ведаў ні адзін народ.

І што цяпер? Хай так і будзе,

Абы ня горш? Вы што за людзі:

Вам звацца хочацца людзьмі,

Ці імі быць,

Ці біцца ў грудзі –

Ці ўстаць за крэўны край грудзьмі?

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў