Каб хутчэй стала цяплей, адзінае выйсце – каларыфер


У восеньскія халады прыспешыць уключэнне ацяплення можа толькі калектыўны зварот жыхароў да мясцовых уладаў.

Аднак пакуль яго разгледзяць, верагодна, прыйдуць маразы ды цяпло вернецца ў кватэры па ўсіх правілах.

Ацяпленне восенню, паводле правілаў, уключаюць найперш у дзіцячых садках, школах, універсітэтах ды шпіталях пасля таго, як сярэднесодневая тэмпература будзе не вышэй за 10 градусаў на працягу пяці дзён. Батарэі жылых дамоў прагрэюць толькі пры ўмове 8 градусаў на працягу такога ж перыяду.

Але што рабіць, калі вулічная тэмпература яшчэ не дастаткова нізкая, а жыхары ў кватэрах ужо вымушаныя апранаць ваўняныя шкарпэткі ды курткі, каб не акалець? Як прыспешыць уключэнне ацяплення ў Беларусі, даве дацца ў сістэме ЖКГ няпроста. Асобная перашкода – дазваніцца: тэлефоны або маўчаць, або занятыя. Нарэшце ў адным з гарадзенскіх ЖЭСаў (№9) журналіста неакрэдытаванага СМІ перанакіравалі на кіраўніка, які ўвесь час быў заняты або адсутнічаў на месцы. Некалькі званкоў выніку не далі.

У іншым ЖЭСе (№11) ахвотна паразмаўлялі з маці малога дзіцяці, якое мерзне ў кватэры і хварэе, але надзеі далі не шмат.

”Што вы! Што вы! – здзівілася справавод нахабнаму пытанню. – Мы вышэй галавы не скокнем! Пакуль горад не дасць дазвол, мы нічога ўключыць не можам, нават, калі звернуцца некалькі жыхароў. Тым больш, што прадбачыцца цёплае надвор’е. Калі мерзнеце, уключайце каларыфер…”

Тэарэтычную працэдуру дзеля таго, каб хутчэй уключылі цяпло, апісала былая працаўнічка сістэмы ЖКГ:

“Індывідуальна нікому падключаць ацяпленне не будуць. У Беларусі не існуе асобных падводаў цяпла ў кожную кватэру – падключаецца адразу ўвесь дом. Гэта за мяжой, калі ты не патрабуеш ацяплення, можаш перакрыць краны, а ў нас такога пакуль няма. Выйсцем можа быць напісанне калектыўнага звароту ў аддзел ЖКГ гарвыканкаму – бо ў ЖЭСах ці УЖРЭПах гэтага пытання не вырашаць. Можа быць, пасля разгляду папераў у вашу кватэру паставяць асобны лічыльнік. Але ж пакуль пытанне разгледзяць, хутчэй за ўсё ўжо стане халодна і цяпло ўключаць усім па правілах”, – падрэзюмавала суразмоўца.

Застаецца ў гэтыя некалькі тыдняў уключаць электрычны абагравальнік, які накруціць шмат кілаватаў, замест таго, каб карыстацца ацяпленнем, за якое жыхары ўсё роўна заплацілі б, але – танней.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў