«Каб дапамагчы іншым, трэба выжыць самому». Як сябе весці падчас тэракту


Парады на выпадак, калі мэтай тэрарыстаў апынецеся вы.

Пазбягайце натоўпаў

Тэракты часцей за ўсё ладзяцца ў публічных месцах з вялікай колькасцю людзей.

«Тэрарысты плануюць аперацыі ў месцах, дзе могуць свабодна дзеяць і дзе іх не так лёгка ідэнтыфікаваць», – кажа Анджэй Мрочэк, эксперт у тэрарызме з варшаўскага Калегіум Цывітас.

Асабліва прывабныя мэты для тэрарыстаў – метро і іншыя сродкі камунікацыі.

У грамадскім транспарце лепш за ўсё выбіраць месцы ў сярэдзіне салона далей ад вокнаў (але памятаць, што вокны – гэта таксама і запасныя выхады).

Дарэчы, пасажыры, якія стаяць, знаходзяцца ў большай бяспецы, чым тыя, хто сядзіць.

У людных месцах неабходна ўважліва ставіцца да любых забытых рэчаў, скрыняў і любых прадметаў, якія выглядаюць дзіўна.

Як распазнаць тэрарыста

Распазнаць тэрарыстаў даволі складана: да пачатку сваёй акцыі яны імкнуцца зліцца з натоўпам. Занепакоіць павінныя супярэчнасці ў адзенні або паводзінах: напрыклад, калі нехта ў доўгім паліто ў цёплы дзень. Пад ім можа быць схаваная зброя або бомба.

«Усё часцей тэрарысты – гэта прафесіяналы, – кажа «Белсату» Барыс Чыгін, адмысловец у супрацьдзеянні тэрору. – Гэта людзі, якія маюць за плячыма адмысловыя трэнаванні, а нават баявы досвед. Яны думаюць катэгорыямі тактыкі, дзеяць гэтак, каб было як мага болей ахвяраў, а таксама – куды будуць уцякаць людзі ў момант панікі, дзе эвакуацыйныя шляхі, дзе будуць хавацца ахвяры».

Уцякай, хавайся, змагайся

У крытычнай сітуацыі найлепшай парадай будзе: уцякаць, хавацца, змагацца.

Уцякаць трэба адразу як толькі з’яўляецца пагроза. Калі нельга ўцячы, трэба схавацца, каб вас не заўважылі. Калі вы ў памяшканні, яго трэба паспрабаваць забарыкадаваць. У тэлефоне трэба выключыць гук і вібрацыю, а потым паспрабаваць звязацца са службамі ды паведаміць, дзе вы.

Калі выйсця няма, варта даць тэрарысту адпор. Чыгін не пагаджаецца, што простыя людзі цалкам бяззбройныя, і сцвярджае, што абяззброіць моцнага мужчына можа нават дзяўчына.

«Галоўныя нашыя козыры – гэта хуткасць і дыстанцыя да праціўніка, прастор, які мы мусім выкарыстаць, і час рэакцыі. Гэта можа ўратаваць жыццё нам ды іншым асобам», – кажа Чыгін.

Як зброю можна выкарыстаць усё, што ёсць пад рукою: крэсла, сметніцу, ключы, торбу, валізку, заплечнік. Дапамагчы ў небяспечнай сітуацыі можа ўсё, што можна кінуць. Усё, чым можна біць.

Калі тэракт ужо здзейснены, правіла тое ж – эвакуявацца. Апрацаваць раны найлепш у бяспечным месцы.

Каб дапамагчы іншым, трэба выжыць самому

Калі вы ў парадку, дапамажыце тым, хто побач.

Калі паранены…

  • …у свядомасці, дыхае сам – спыніць крывацёк, дапамагчы прыняць зручную позу;
  • …без прытомнасці, дыхае – пакласці на бок, спыніць крывацёк;
  • …без прытомнасці, не дыхае – пачаць сардэчна-лёгачную рэанімацыю.

Ўсім адразу не дапаможаш – ахвяраў трэба «адсартаваць», раіць Lifehacker: спачатку ратаваць тых, хто жывы, дыхае сам, але моцна паранены, страціў шмат крыві, знаходзіцца без прытомнасці.

Другія ў чарзе – параненыя ў стане свядомасці. Апошнімі павінныя атрымліваць дапамогу тыя, хто знаходзіцца ў свядомасці і здольны перасоўвацца.

Гучыць жорстка, але непрытомным, якія не здольныя дыхаць, павінныя дапамагаць медыкі. У надзвычайных сітуацыях на іх ёсць час толькі ў самы апошні момант: занадта каштоўнае жыццё тых, каго яшчэ дакладна можна выратаваць.

Глядзіце рэпартаж Аліны Коўшык з антытэрарыстычнага трэнінгу, які нашая журналістка прайшла пасля тэракту ў Санкт-Пецярбурзе.

ДД

Стужка навінаў