Як у Францыі мяне здзівіў бел-чырвона- белы сцяг, трасянка і савецкая ўлада


Эльзас яднае з Беларуссю тое, што гэта таксама зямля пад белымі крыламі. Адзін з сімвалаў тамтэйшага краю – бусел. Некаторыя жыхары Эльзасу, як і хто-ніхто з беларусаў, гэтаксама «шпараць» на трасянцы, а некалі тут дзеяла свая «святая Еўфрасіння». Пра перагукі між Эльзасам і Беларуссю піша Віктар Шукеловіч.

Эльзас – гэта самы ўсходні рэгіён Францыі. Аднак немцы, якія прыязджаюць сюды, з нейкаю прытоенаю горыччу вельмі любяць уздыхаць: «Усё гэта раней было нашае». Эльзас – гэта своеасаблівыя нямецкія Крэсы, якія цягам гісторыі былі то ў Нямеччыне, то ў Францыі.

Алеманы і крывічы

Пад канец IV стагоддзя германскі племянны звяз алеманаў выцесніў з гэтай тэрыторыі рымскіх каланізатараў і пачаў будаваць свае селішчы. Алеманам ніяк не сядзелася на месцы – яны то рабавалі франкаў, то нападалі на Рым. Праз іх на французскіх ды іспанскіх землях усю Нямеччыну пачалі называць– «Allemagne» i «Alemania». Гэтаксама суседзі беларусаў – латышы – называюць нас ад племені крывічоў – «Baltkrievi» (расейцаў ад пскоўскіх крывічоў латышы клічуць проста – «Krievi», а іхную краіну называюць літаральна Крывіцкаю Федэрацыяй – «Krievijas Federācija»).

[vc_single_image image=”338351″ img_size=”large”]

Эльзаская Еўфрасіння

У Эльзасу ёсць свая святая патронка – Адылія (Odilia), чый лёс у нечым нагадвае жыццё нашай Еўфрасінні Полацкай. Гэтаксама, як і Еўфрасіння, яна нарадзілася ў княскай сям’і. Ейны бацька князь Адальрык (Adalrich oder Adalricus), пабачыўшы, што дзіця сляпое, хацеў яе забіць, каб пазбегнуць ганьбы для сям’і, але маці выратавала дачушку і паслала на выхаванне ў адзін з кляштараў. Падросшы сярод манашак, Адылія вырашыла прыняць хрост. Падчас таемства хрысцільная вада трапіла ёй у вочы і дзяўчына-падлетак правіднела. Калі ж відушчая яна з’явілася перад бацькам, той ужо не хацеў яе адпускаць, бо вырашыў аддаць замуж – балазе кавалераў было досыць. Тут ужо Адылія мусіла паказаць свой характар, як і нашая зямлячка Еўфрасіння, і супрацівілася волі бацькі, вырашыўшы пасвяціць сябе Богу. Як і княжна з Полацку, яна заснавала некалькі кляштараў, займалася асветніцтвам і дапамагала бедным. Дагэтуль пілігрымы з Францыі ды Нямеччыны прыязджаюць да гаючай крыніцы ў кляштар Мон Сэн-Адэль (St. Odilienberg, па-французску Mont Sainte-Odile), які заснавала святая. Амаль кожны з паломнікаў прамывае ў крыніцы вочы і бярэ ваду з сабою, бо лічыцца, што яна дапамагае пры хваробах вачэй.



Панарама Страсбуру. Фота flickr.com/Creative Commons license

«Самая заходняя з савецкіх рэспублік»

Мяне вельмі здзівіла ў Эльзасе, што тут таксама некалі была савецкая ўлада, праўда, яна пратрымалася тут усяго 11 дзён. Пасля Першай сусветнай вайны, натхніўшыся бальшавіцкаю рэвалюцыяй у Расеі, мясцовыя рабочыя і маракі, якія вярнуліся са службы ў імператарскім флоце пасля паразы Нямеччыны, таксама ўстанавілі ўладу саветаў. 11 лістапада Савет сталіцы Эльзасу Страсбуру абвесціў незалежнасць ад Берліну, зрынанне манархіі кайзера і ўстанаўленне народнай улады. На сценах гораду вывесілі: «Мы не маем нічога агульнага з краінамі капіталу. Мы гаворым – ні немцаў, ні французаў, ні нейтралаў. Няхай жыве сусветная рэвалюцыя!». Аднак ужо 22 лістапада французскія войскі разагналі саветы і заявілі аб анексіі Эльзасу. Хоць французскія ўлады зменшылі заробкі, істотна павялічаныя саветамі, жыхары рэгіёну горача іх віталі, ладзячы масавыя гулянні. Камуністы дагэтуль называюць рэспубліку, што праіснавала 11 дзён, «самаю заходняю з савецкіх рэспублік».

[vc_single_image image=”338350″ img_size=”large”]

Трасянка

Некаторыя эльзасцы, гэтаксама, як і нашыя людзі, размаўляюць на трасянцы, праўда, яна ў іх свая – нямецка-французская. Апроч слоўнай мяшанкі, нямецкія назвы селішчаў тут вымаўляюць па-французску – у выніку цяжка ўвогуле зразумець, на якой мове гавораць і ў якой краіне знаходзішся.

Старэйшыя людзі аддаюць перавагу мясцовай гаворцы – эльзаскай, якую немцы лічаць сваім дыялектам. Падобна да Эльзасу размаўляюць у нямецкамоўных кантонах Швейцарыі, дзе ў 1520 годзе мясцовы «Францыск Скарына» – Ульрых Цвінглі – выдаў Біблію на сваёй гаворцы. Каля 40 % жыхароў Эльзасу прызнаюцца, што ў рознай ступені валодаюць эльзаскаю моваю. Яе выкладаюць у некаторых школах, на ёй ставяць спектаклі ў тэатрах, друкуюць артыкулы ў газетах, але з кожным годам колькасць носьбітаў эльзаскай змяншаецца. Сярод моладзі штораз больш папулярная французская мова, а некаторыя з малодшага пакалення прызнаюцца, што ўжо ні слова не ўмеюць па-эльзаску.

[vc_single_image image=”338352″ img_size=”large”]

Славутасці

Увесь Эльзас – гэта край старых камяніцаў, замкаў і кляштараў. Часам здаецца, што ўсе гэтыя старыя будынкі – толькі дэкарацыі для нейкага гістарычнага фільму. Немцы, якія сюды прыязджаюць, кажуць, што некалі пры нацысцкай уладзе ў Нямеччыне знарок разбуралі струхлелыя дамы, маўляў, «каб было прыгожа», бо не выпадала таксама, каб «Нямеччына развальвалася на вачах». У Эльзасе нацысты кіравалі толькі ў Другую сусветную вайну і не мелі часу «на парадкі», таму сапраўдных архітэктурных скарбаў тут засталося нашмат больш, чымся ў сумежных рэгіёнах Нямеччыны. Пры ўездзе ў большасць гарадоў і мястэчак Эльзасу захаваліся «злачынскія вежы», з якіх, паводле паданняў, некалі скідалі за кару злачынцаў.

[vc_single_image image=”338348″ img_size=”large”]

Еўрапейскі суд у правах чалавека пад бел-чырвона-белым сцягам

Сярод сімвалаў Эльзасу – бел-чырвона-белы сцяг і герб у такіх жа колерах. Гэта афіцыйныя знакі сталіцы рэгіёну Страсбуру. Праўда, тут ёсць свае асаблівасці – у адрозненне ад беларускага нацыянальнага сцяга чырвоная паласа тут ідзе наўскос.

 Чырвань ды бель – гэта традыцыйныя колеры для рэгіёну, якія найчасцей сустракаліся на гербах эльзаскіх шляхецкіх родаў і гарадоў. У Страсбуры бел-чырвона-белыя сцягі можна пабачыць на вуліцах непадалёк сядзібаў Рады Еўропы, Еўрапейскага парламенту ці Еўрапейскага суда у правах чалавека, што месцяцца ў горадзе.

[vc_single_image image=”338349″ img_size=”large”]

Яшчэ адзін знаёмы і родны для беларусаў сімвал Эльзасу – гэта бусел. Некалі іх вадзілася процьма на тутэйшых абшарах, але ў сувязі з меліярацыяй балотаў (як знаёма!) і будаўніцтвам фабрыкаў у другой палове ХХ стагоддзя колькасць птушак-клекатуноў пачала імкліва змяншацца. Эльзасцы распавялі, што ў 1982 годзе арнітолагі зафіксавалі ў рэгіёне толькі адну бусліную пару. Тады мясцовыя жыхары прыйшлі на дапамогу эколагам і разам дамагліся ад дзяржавы большай дбайнасці пра навакольнае асяроддзе. Пакрысе буслы пачалі вяртацца ў Эльзас, а мясцовыя жыхары з радасцю ладзяць для іх гнёзды. Паўсюль у Эльзасе можна на памяць купіць сувеніры ў выглядзе буслоў – фігуркі, кубкі або мяккія цацкі, што з ахвотаю і робяць турысты са шмат якіх краінаў, у тым ліку – і з Беларусі.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў