Як ранілі лідара «Правага сектару»? Эксклюзіўныя кадры «Белсату» з Данбасу


Незалежны тэлеканал паразмаўляў са сведкам ранення Дмытра Яраша.

Баец «Правага сектару» з пазыўным Анархіст распавёў «Белсату», што кіраўнік «Правага сектару» ехаў у другой машыне ў калоне з трох аўтаў. «Нас накрыла з «Градаў». У машыну Яраша – прамое траплянне з «Граду». Тое, што ён жывы, – гэта цуд, гэта Божы провід», – распавёў баец.

Ад машыны фактычна нічога не засталося, а ў самага Яраша ў двух месцах была паранена рука, раненне было таксама ў шыю ды галаву. Анархіст узяў пацярпелага да сябе ў аўтамабіль, салон якога аказаўся ўвесь у крыві – раны кіраўніка «Правага сектару» моцна крываточылі.

Першае, што запытаў Яраш, – ці больш нікога не пашкодзіла. Пытаўся ён і пра тое, дзе ягоны аўтамат і ці зможа ён страляць. Каб Дмытро не згубіў прытомнасці, Анархіст спяваў яму ўкраінскія песні, а той падспеўваў.

Лідар «Правага сектару» Дмытро Яраш быў паранены ўчора ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі. У яго – асколачны адкрыты пералом рукі і лёгкае раненне галавы. Яраша ўратавала каска.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары