Як Папа Рымскі вучыўся гаварыць па-беларуску і хто яму дапамагаў з перакладамі? (аўдыё)


Амерыканец, праваслаўны беларус і журналістка з савецкім пашпартам гэтыя людзі былі сярод тых, хто перакладаў тэксты прамоваў для Яна Паўла ІІ на беларускую мову. А як жа выглядалі заняткі Папы Рымскага па беларускай мове?

Папа Рымскі ўпершыню па-беларуску

За два тысячагоддзі хрысціянства першым пантыфікам, з вуснаў якога прагучалі словы на беларускай мове, стаў нядаўна абвешчаны святым Ян Павел ІІ. Гістарычная падзея для беларусаў адбылася на Каляды 1978 года, калі Беларусь яшчэ была ў складзе Савецкага Саюзу. Папа-славянін Ян Павел ІІ літаральна праз некалькі месяцаў пасля выбрання на кіраўніка Касцёлу павіншаваў каталіцкіх вернікаў з Раством Хрыстовым на 24 мовах. Сярод іх была і беларуская.

„Дарагія беларусы! Вясёлых калядных святаў”, упершыню ў гісторыі галава Касцёлу гаварыў па-беларуску. Гэтак упершыню беларуская мова прагучала ў дамох хрысціянаў па ўсім свеце – зычэнні пантыфіка транслявала Ватыканскае радыё.

Па-беларуску да беларускага біскупа

З гэтай пары Ян Павел ІІ заўсёды віншаваў каталіцкіх вернікаў з Раством і Уваскрасеннем Хрыстовым па-беларуску. Прамаўляў пантыфік на нашай мове і падчас іншых падзеяў. Гэтак у 1989 годзе, высвячаючы на біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў базіліцы св. Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі падкрэсліў: „Вялікаю з’яўляецца мая радасць магчы надзяліць поўню Святарства дарагому монсіньёру Тадэвушу Кандрусевічу, якога я назначыў Апостальскім Адміністратарам Менскай дыяцэзіі для католікаў усёй Беларусі. Жадаю яму з бацькоўскай любоўю поспехаў у вядзенні душпастырскай працы на гэтай прасторнай тэрыторыі ды, у той самы час, упрошваю Божага блаславення яму і ўсім вернікам, давераным яго душпастырскай апецы”.

[vc_single_image image=”342481″ img_size=”large”]

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што тады беларускамоўная прамова Яна Паўла ІІ у самым галоўнай каталіцкай святыні сталася для яго поўнаю нечаканасцю.«Гэта была неспадзяваная справа для мяне. Я быў вельмі здзіўлены і прыемна здзіўлены. Цяжка знайсці чалавека ў свеце, які б меў большы аўтарытэт, чым Папа Рымскі. Каталіцкі Касцёл — гэта найбольшая рэлігійная арганізацыя ў свеце. Калі Папа Рымскі заўважае [мову — belsat.eu], гэта значыцца, ён заўважае і Касцёл у той краіне, салідарызуецца з усім народам, культурай», падзяліўся іерарх.

Зайшоў у рэдакцыю і… стаў перакладчыкам для Папы

Гэтыя словы для Папы перакладаў кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікай Брытаніі айцец Аляксандр Надсан. „У той час я быў у Рыме і зайшоў у беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё. Там мне далі перакласці на беларускую мову выказванне Яна Паўла ІІ, з якім ён меў звярнуцца да біскупа Кандрусевіча. Я акуратна выпісаў для папы пераклад польскімі літарамі, каб яму лягчэй было прачытаць ды яшчэ расставіў націскі”, – узгадаў айцец Аляксандр.

Паводле святара, Ян Павел ІІ адмыслова хацеў звярнуцца да першага за 60 гадоў беларускага іерарха на беларускай мове: „Папа гэтак падкрэсліў, на якой мове біскуп мае весці служэнне і працаваць з вернікамі”.

Беларускае слова дзеткам

Па-беларуску Ян Павел ІІ вітаў пілігрымаў з Беларусі падчас сваіх візітаў у Польшчу, Літву і Украіну ды прамаўляў па-беларуску пры іншых нагодах.

Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў верасні 1995 года Ян Павел ІІ прывітаў групу дзяцей з паўднёвых рэгіёнаў Беларусі, якія прыбылі ў Італію на аздараўленне: „Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае Стварыцеля неба, зямлі, вод, кожнай істоты на зямлі, аб літасці для вас і вашых сем’яў, што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам за іх любоў да вас, беларускія дзеці!”

Адзіны праваслаўны ў Ватыканскім радыё

Прамовы Яна Паўла ІІ, у тым ліку і да беларускіх дзетак, дапамагаў перакладаць на беларускую мову беларус з Падляшша Ян Мойсік. Спадар Ян – адзіны праваслаўны сярод усіх працаўнікоў 40 моўных рэдакцыяў Ватыканскага радыё. Ён з-пад Бельску-Падляскага (Польшча), дзе закончыў беларускі ліцэй. Пазней ва ўніверсітэце спадар Ян вывучаў эканоміку, але лёс прывёў яго ў 1983 годзе на працу ў беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё.

„Тады дырэктарам беларускай рэдакцыі быў айцец Роберт Тамушанскі. Ён паходзіў з Нью-Ёрку, быў грамадзянінам ЗША, але падкрэсліваў, што ягоныя дзяды былі беларусамі з былога Аўгустоўскага павету. Айцец Роберт быў грэка-каталіком, але мог служыць у двух абрадах – візантыйскім і лацінскім. Найбольш верагодна, што першыя словы Яна Паўла ІІ па-беларуску ў 1978 годзе пераклаў менавіта айцец Роберт, бо больш не было каму”, распавёў спадар Мойсік.

[vc_single_image image=”342482″ img_size=”large”]

Журналістка з савецкім пашпартам у Ватыкане

Сярод тых, хто перакладаў для Папы Рымскага на беларускую мову, была таксама працаўніца Ватыканскага радыё – Алена Мартэцкая, якая пачынала кар’еру на беларускім дзяржаўным радыё.

У 1990 годзе яна прыехала ў Рым да сяброў ды захацела зрабіць інтэрв’ю з айцом Робертам Тамушанскім. Святар пачуў беларускую мову з вуснаў спадарыні Алены і прапанаваў ёй застацца ў Ватыкане. «Я была практычна першаю асобаю з савецкім пашпартам, якую ўзялі на працу ў Ватыкан», адкрылася журналістка.

Спадарыні Алене давялося нават пабываць у ролі рэпетытара Папы Рымскага па беларускай мове. Неўзабаве пасля прыезду журналісткі ў Рым ёй даручылі навучыць Яна Паўла ІІ правільна вымаўляць беларускія словы. «Мне кажуць: «Хочаш?» Першапачаткова я вельмі спужалася, бо была ў гэты дзень у джынсах. Калі прыйшла раніцаю на працу, не меркавала, што яшчэ давядзецца спаткацца з Папам. Я кажу тады: «Як жа я пайду ў такім выглядзе?» – «Нічога, ідзі, ніхто не глядзіць на такія фармальнасці», падахвоцілі мяне ў рэдакцыі», узгадала спадарыня Алена.

Заняткі беларускага маўлення для Папы

Журналістка чакала Яна Паўла ІІ за сцэнаю ў зале Паўла VI Апостальскага палацу, дзе адбываюцца агульныя аўдыенцыі пантыфіка з вернікамі. Папа Рымскі меў толькі некалькі хвілінаў, каб спаткацца з ёю. «Я стаю ні жывая, ні мёртвая, што называецца. Перажываю. Па-італьянску я ведала тады яшчэ толькі некалькі словаў. А тут выходзіць Папа ў акружэнні высокіх жандармаў. Апрача мяне там былі святары і службовыя асобы. Папа паглядзеў на мяне, а я ў той момант зіхацела радасцю, усміхалася, была такая шчаслівая, уся ў захапленні ад асобы Папы, працы якога пачала чытаць раней. Ян Павел ІІ разгарнуў плечы, стаў вышэйшы, вочы заззялі блакітным святлом. Ён падышоў да мяне і сам прамовіў усю фразу, якую я мела яго навучыць вымаўляць. І запытаў тады па-італьянску: «Правільна?» Я адказала, як умела, што правільна».

Пасля гэтай кароткай размовы Ян Павел ІІ падараваў спадарыні Алене ружанец і блаславіў, накрэсліўшы знак крыжа на лобе ды накіраваўся на сцэну. Гэтую кароткую размову журналістка ўспрыняла як знак, што мусіць застацца і працаваць у Рыме.

„Гэта нібы цеплыня ўваходзіла ў душу”

[vc_single_image image=”342483″ img_size=”large”]

„Калі Ян Павел ІІ прамаўляў па-беларуску, – гэта нібы цеплыня ўваходзіла ў душу, зазначыла галоўная рэдактарка часопісаў „Наша вера” і „Ave Maria” Крыстына Лялько. Гэта дадавала сілаў, упэўненасці ў тым, што робіш добрую справу, працуючы для беларушчыны”.

Спадарыня Крыстына пераклала на беларускую мову 7 кнігаў Яна Паўла ІІ ды дагэтуль ўзгадвае свае спатканні з пантыфікам: „Наша першая сустрэча адбылася ў 1994 годзе. Тады я папрасіла ў Яна Паўла ІІ блаславення на выданне каталіцкай прэсы ў Беларусі. Папу вельмі спадабалася ідэя выдання каталіцкіх часопісаў па-беларуску. „Цудоўна”, сказаў ён і блаславіў”.

Праз год спадарыня Крыстыны прывезла пантыфіку першыя асобнікі часопіса „Ave Maria”. Пабачыўшы лацінскую назву выдання, Ян Павел запытаў: „На якой мове выдаецца часопіс?” Галоўная рэдактарка адказала, што па-беларуску. „Як жа добра, што вы маеце друк на беларускай мове”, сказаў тады Папа з вялікай радасцю і ўсмешкаю.

Ян Павел ІІ блаславіў друк на беларускай мове

„Калі зараз некаторыя кажуць, што трэба рабіць устаўкі ў нашых выданнях на нейкай іншай мове, я адказваю: „Прабачце, Ян Павел ІІ даў блаславенне на беларускую мову”, зазначыла спадарыня Крыстына.

Рэдактар заўважыла, што блаславенне святога Яна Паўла ІІ і дагэтуль дапамагае ёй у шмат якіх складаных справах. „Калі яшчэ Ян Павел ІІ не быў абвешчаны блаславёным і святым, я звярталася да яго ў сваіх думках і ён мне заўсёды дапамагаў”, падкрэсліла каталіцкая дзяячка.

„Ахопліваў малітваю ўсю Беларусь”

Сябра Таварыства беларускай мовы ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк звярнуў увагу, што беларуская мова з вуснаў Папы шмат значыла не толькі для беларускіх каталікоў, але і ўвогуле для ўсіх беларусаў. „Гэта сведчыла, што архіпастыр ахопліваў малітваю ўсю Беларусь. Малітва Яна Паўла ІІ аб’ядноўвала, мабілізавала ды памнажала дабрадзействы ў нашым грамадстве”, заўважыў святар.

У 2003 годзе Ян Павел ІІ атрымаў падзяку ад Таварыства беларускай мовы за прыхільнасць да нашай мовы і пашырэнне яе ў Беларусі і свеце.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў