Ізумрудная сетка – як шанец для айчыннай прыроды


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Беларусь далучаецца да Еўразвязу. Пакуль толькі ў галіне прыродаахоўнага заканадаўства. У Беларусі з’явіцца свой «Эмеральд», або Ізумрудная сетка. Гэтак называюць сукупнасць тэрыторый, на якіх прырода знаходзіцца пад аховаю не толькі дзяржавы, але і міжнароднай супольнасці. А ў нашай краіне пакуль ёсць, што ахоўваць.

Рэкі, як жывыя істоты

Гэткіх рэкаў, як у Беларусі, ва ўсёй Еўропе амаль не засталося. Пціч, Дняпро, Прыпяць выглядаюць і функцыянуюць гэтаксама, як і тысячу гадоў таму. Толькі беларускія рэкі могуць «дазволіць сабе» мяняць маршрут цягам дзесяцігоддзяў ды вызначаць, куды ім цячы. У адрозненні ад Еўропы, у Беларусі чалавек абсалютна не кантралюе працэс. А гэта значыць, што рэкі ўсё яшчэ фармуюць урадлівую глебу і нават станоўча ўплываюць на надвор’е. Калі раку «пазбавіць яе законных правоў», горш зробіцца як прыродзе, так і людзям. Той, хто бачыў пыльныя буры на Палессі ў выніку гаспадарчай дзейнасці – бачыў будучыню рэк, дзе гаспадаром зрабіўся чалавек. Таму поймы беларускіх рэчак у спісе галоўных кандыдатаў у сетку «Эмеральд». А найбольш «ізумруднай» абяцае стаць пойма Прыпяці.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Засталося меней за год

У Ізумрудную сетку ўваходзяць тэрыторыі ўсіх еўрапейскіх краінаў, што далучыліся да Бернскай канвенцыі – міжнароднага пагаднення аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў пражывання 1979 году. У краінах Еўразвязу яна называецца «Natura-2000». Да Бернскай канвенцыі Беларусь далучылася толькі ў 13-м годзе. І цяпер, паводле ўзятых абавязкаў, да 2016-га году мы маем час заявіць, якія тэрыторыі ўвойдуць у Ізумрудную сетку Беларусі. Пасля зацверджання дадаваць новыя тэрыторыі будзе ўжо нельга.

Пакуль на ўдзел у сетцы «Эмеральд» заяўленыя толькі 60 аб’ектаў. Старшыня Берасцейскай філіі ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Андрэй Абрамчук, які ўваходзіць у працоўную групу па ўтварэнні Ізумруднай сеткі, спадзяецца, што да таго, што ёсць, дададуць яшчэ не меней за 70 аб’ектаў. Пакуль па колькасці тэрыторый у спісе прэтэндэнтаў лідарам з’яўляецца Берасцейшчына. У Еўропе ж самая малая колькасць зямель, ахопленых Ізумруднай сеткай, у Даніі – усяго 9 %, адна з найвялікшых у Славеніі – 35 %.

Канчатковы спіс будзе падаваць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аднак, чыноўнікі кантралююць далёка не ўсё. Бо разам з афіцыйным спісам будзе і «ценявы», які створаць недзяржаўныя арганізацыі, і які таксама разгледзяць незалежныя эксперты Бернскага камітэту. Досвед суседняй Польшчы паказвае, што гэткім чынам колькасць прыродаахоўных аб’ектаў сеткі «Эмеральд» можна павялічыць са ста сарака ажно да васьмі соцень!

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Праблема не ў сродках

«Пасля далучэння да Ізумруднай сеткі, дзяржава хоча або не хоча, але будзе шукаць рэсурсы для аховы тэрыторый і адмыслоўцаў, – распавядае Абрамчук, – праблема не ў адсутнасці сродкаў, а ў няўменні іх знайсці». Ён спадзяецца, што цяпер гэтых сродкаў стане болей. А гэта значыць, з’явяцца новыя магчымасці развіцца экатурызму ў краіне. Апроч таго кантраляваць чыноўнікаў, якія парушаюць прыродаахоўнае заканадаўства будзе куды прасцей.

Напрыклад будаўніцтва на тэрыторыі заказнікаў забароненае. Аднак досвед паказвае, што калі ўладным людзям трэба развярнуць будоўлю там, дзе ім падабаецца, дастаткова проста выключыць зямлю з тэрыторыі заказніка. Гэтаксама дзейнічаюць чыноўнікі, калі трэба асушыць балоты, як было гэта з заказнікам Дакудаўскі, які ў выніку рэарганізацыі паменшыўся болей, чым у 3 разы.

Еўрапейскае ж заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя гэтага не дапускае. Бо за плячыма экспертаў Бернскага камітэту дзясяткі гадоў працы па ўпарадкаванню міжнароднай заканадаўчай базы. «Парадокс. Чым болей на захад, тым лепей ахоўваюць прыроду, але тым горш яна там захавалася» – кажа Андрэй Абрамчук.

У адрозненні ад іншых еўрапейскіх краінаў, у нас яшчэ ёсць шанец захаваць тое, што ёсць, а не спахапляцца, калі будзе ўжо позна.

ГМ, belsat.eu

Стужка навінаў