Ізраіль зачыніць сваё пасольства ў Беларусі да канца года, канкрэтная дата пакуль невядомая


Фота globallookpress.com

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Ізраілю ў пяці краінах, у тым ліку ў Беларусі, зачыняцца да канца 2016-га года.

Пра гэта БелаПАН паведаміла першы сакратар, намесніца кіраўніка амбасады Ізраілю ў Беларусі Юлія Рачынскі-Співакоў.

Яна нагадала, што ўрад Ізраілю ў сувязі з бюджэтнымі абмежаваннямі пастанавіў зачыніць пяць дыпламатычных прадстаўніцтваў. Спадарыня Рачынскі-Співакоў адзначыла, што канкрэтныя даты закрыцця дыпмісій яшчэ будуць абмяркоўвацца рабочымі групамі, якія будуць сфармаваныя ў Міністэрстве замежных спраў Ізраілю. Гэтыя групы таксама прымуць рашэнне аб тым, якое з пасольстваў будзе прадстаўляць інтарэсы Ізраілю ў Беларусі.

«Улічваючы ўсё вышэйсказанае, вельмі б хацелася падкрэсліць усю важнасць для Ізраілю адносін з Беларуссю, – сказала дыпламат. – На парадку дня працягваюць заставацца пытанні супрацы, сустрэч рабочых груп і апрацаванне двухбаковых пагадненняў. Спадзяемся, што пры фізічнай адсутнасці амбасады не пацярпяць і адносіны паміж нашымі грамадзянамі».

Па словах Рачынскі-Співакоў, пакуль невядома, калі супрацоўнікі пасольства пакінуць Беларусь. У дыпламатычнай місіі працуюць тры ізраільскія дыпламаты, а таксама 13 беларускіх супрацоўнікаў.

У лістападзе 2015-га года ўвайшло ў сілу пагадненне пра бязвізавы рэжым паміж Ізраілем і Беларуссю.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары