Ізноў «долбанный» Замяталін

Адразу прашу прабачэння за лексіку, але ЯНО сапраўды не тоне…

Напэўна, пасля інцыдэнту ў краме «Еўраопта» наконт Замяталіна зараз гучыць так шмат эпітэтаў, што я абмяжуюся толькі двума ўспамінамі.

Ад рэдактара: паводле сведчанняў інтэрнаўтаў, чалавек, падобны знешне на Уладзіміра Замяталіна, учыніў у краме скандал праз тое, што касірка звярнулася да яго па-беларуску. «Не хачу я размаўляць на вашай доўбанай мове», – паводле сведкі, гэтак чыноўнік адрэагаваў на беларускую мову.

Першы эпізод адбыўся напачатку 1994 года. Літаральна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Для штотыднёвіка «Свабодныя навіны» (яшчэ без плюса) я тады рабіў інтэрв’ю з Кебічам. Замяталін быў яго прэс-сакратаром і папрасіў даслаць пытанні, каб прэм’ер-міністр змог падрыхтавацца да размовы.

Да маіх сямі ён дадаў яшчэ некалькі сваіх і зрабіў гэта абавязковай умоваю сустрэчы. Менавіта падчас яе я даведаўся, што Вячаслаў Францавіч больш паважае гарэлку, а не каньяк, але ўразіла зусім не гэта.

Пасля першага тура выбараў, тагачасны рэдактар Аляксандр Уліцёнак прапанаваў зрабіць паласу з двух інтэрв’ю прыхільнікаў кандыдатаў у прэзідэнты, якія працягваюць барацьбу. Як і трэба было чакаць, знайсці таго, хто выкажацца за Лукашэнку, не стала праблемай. А вось усе паплечнікі Кебіча некуды раптам «зніклі», бо стала зразумела, што «Акела прамахнуўся». Я патэлефанаваў Замяталіну, і быў вельмі здзіўлены тым, што той таксама «не знайшоў магчымасці» выказацца. Не дапамог нават напамін пра вельмі неадлеглае па часе інтэрв’ю з ягоным шэфам.

Самае цікавае, што выканаць загад рэдактара мне ўдалося з неверагоднай цяжкасцю, бо «засвяціцца» падтрымкаю Кебіча пагадзіўся толькі дробны чыноўнік Саўміна Васіль Баранаў. Потым гэтае інтэрв’ю дапамагло яму працаўладкавацца да «новых».

Віктар Шэйман адзначыў, што людзі, якія ў падобных абставінах не здраджваюць сваім гаспадарам, ім таксама патрэбныя і прыняў Баранава на работу ў Савет бяспекі. А здрадніка Замяталіна наблізіў да сябе Лукашэнка, бо яму ТАКІЯ людзі таксама тады былі патрэбныя.

Дарэчы, калі пазней я зноў размаўляў з Кебічам (ужо былым прэм’ерам), ён больш за ўсё абураўся Замяталіным, які разам з Антановічам і Мясніковічам часцей за іншых кляўся ў вечнай вернасці…

Другі эпізод адбыўся значна пазней. Ад анкалогіі памер светлай памяці намеснік галоўнага рэдактара нашага штотыднёвіка Барыс Доўгаль. Некалі ён быў адным з кіраўнікоў «Во славу Родины», сябраваў з былым начальнікам Галоўнага палітычнага ўпраўлення Узброеных Сілаў Савецкага Саюзу генерал-палкоўнікам Мікалаем Шлягам, які нарадзіўся ў вёсцы Скрыгалаў (40 км ад Мазыра). Менавіта Мікалай Шляга стаў першым старшынём Нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы».

Пад час інспекцыі Беларускай ваеннай акругі ён упершыню і ўбачыў маёра Замяталіна. А па выніках інспекцыі падтрымаў прапанову Доўгаля (па просьбе Шлягі ўдзельнічаў у паездцы па Беларусі) «перацягнуць» Замяталіна «з лесу» ў Менск.

Іншымі словамі, Барыс Доўгаль даволі канкрэтна паспрыяў вайсковай і жыццёвай кар’еры Уладзіміра Замяталіна.

На момант смерці Доўгаля Паўночныя могілкі па нейкай прычыне працавалі толькі для «моцных гэтага свету». Я знайшоў нумар тэлефона Замяталіна і папрасіў дапамагчы. Той параіў з раніцы патэлефанаваць на работу ў міністэрства інфармацыі. Пасля дзясятага адказу сакратаркі пра тое, што яго няма на месцы, я ўсё зразумеў…

І не здзіўлюся, калі высветліцца, што менавіта Замяталін «параіў» афіцэрам «Во славу Родины» (цяпер «Военная газета») не хадзіць на пахаванне Доўгаля, бо «там будзе шмат апазіцыйных журналістаў»…

Як кажуць, Бог бачыць усё. Сваячку Замяталіна «прынцэсу цырку» Таццяну Бандарчук у 2000 годзе на месяц арыштоўвалі за хабар, а ў 2013 годзе яна ледзь адкупілася ад турмы і страціла пасаду дырэктара «Белдзяржцырка», яго сын Дзяніс атрымаў пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі за крымінал.

Спадзяюся, і за скандал у краме прыйдзецца таксама адказваць…

Аляксандр Тамковіч, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў