Івонка Сурвіла: Прыйдзе час, калі будзем сапраўды незалежнай вольнай дзяржавай

video

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звяртаецца да ўсіх беларусаў з нагоды Дня Волі.

«Дарагія суродзічы,

98 гадоў таму – ранічкай 25 сакавіка 1918-га – на нашай зямлі адбыўся цуд: паняволены, зняможаны вайной беларускі народ заявіў, што «ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай«.
Сёння Беларусь жыве!
Жыве, дзякуючы рашучасці нашых продкаў у 1918-м годзе, але таксама дзякуючы жыццяздольнасці кожнага з нас!

Дваццатае стагоддзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу – высылкі, расстрэлы, дыктатуры, выгнанне траціны нашага народу ў замежжа. Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуццё годнасці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывем, і жыве Беларусь!

Дарагія суродзічы, прыпамінаю цяжкія часы, каб вы не знеахвоціліся.

Калі мы часам робімся больш асцярожнымі, ці памяркоўнымі, гэта таму, што адчуваем, што надыходзяць цяжкія часы, і нам трэба іх перажыць.

Сёння, аднак, хачу яшчэ раз выказаць вам сваю веру, што мы дасягнем тае лепшай будучыні, пра якую мы марым. Пацверджанне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі – калі 25 жніўня 1991 году беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасць, здзейсніўшы мару пакаленняў. І вось ужо чвэрць стагоддзя наш край незалежны – але ўсё яшчэ не свабодны.

Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, калі наш край далучыцца да сям’і заможных і паважаных еўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі.

Жадаю вам сёння мужнасці і вытрываласці. Мы яшчэ пабачымся ў вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў.

Жыве Беларусь!»

Глядзі таксама
Каментары