Іван Ціхан кінуў молат на срэбра. Лукашэнка назваў перамогу подзвігам


4-ты срэбны медаль Алімпіяды ў Рыа Ціхан заваяваў у фінале спаборніцтваў у кіданні молата (кінуў снарад на 77,79 м). Наш спартовец саступіў суперніку з Таджыкістану Дылшоду Назараву. Бронзу заваяваў паляк Войцех Навіцкі.

З перамогаю беларускага алімпійца павіншаваў кіраўнік Беларусі.

«Гэта сапраўдны подзвіг! – цытуе віншаванне Аляксандра Лукашэнкі belta.by – Табе супрацьстаялі не толькі самыя моцныя кідальнікі планеты. Ты здабыў гэтую ўзнагароду, пераадолеўшы каласальны маральны ціск і псіхалагічны прэсінг. Насуперак сумневам і нападкам ты выйшаў у сектар і давёў усім, на што здольны сапраўдны патрыёт сваёй зямлі… Твая валявая перамога – выдатны прыклад для тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, якія робяць першыя крокі ў жыцці і спорце».

Сёлетняя Алімпіяда для Ціхана ўжо пятая. У Сіднэі ў 2000 годзе ён стаў чацвёртым (79,17 м). У 2004 годзе ў Афінах выйграў бронзу (79,81 м). Пазней атрымаў сярэбраны медаль праз дыскваліфікацыю чэмпіёна Адрыяна Аннуша (Вугоршчына), але ў 2012 годзе быў пазбаўлены гэтай узнагароды за ўжыванне допінгу.

У 2008-м у Пекіне Ціхан стаў бронзавым прызёрам (81,51 м). Аднак яго, а таксама сярэбранага прызёра Вадзіма Дзевятоўскага (81,61 м) допінг-пробы апынуліся пазітыўнымі. Цяжбы ў Спартыўным арбітражным судзе трывалі два гады. Спартсменам удалося даказаць парушэнні падчас допінг-кантролю, і медалі беларусам вярнулі.

Фота: noc.by

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары