Італія просіць Еўропу забраць 450 мігрантаў. У іншым выпадку іх адправяць у Афрыку


Кіраўнік італьянскага ўраду Джузэпэ Контэ пасля прэсавай канферэнцыі на саміце NATO ў Бруселі 12 ліпеня 2018 года. Фота – Darrin Zammit Lupi/Reuters

Прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ спрабуе знайсці краіны, якія прымуць некаторых з 450 мігрантаў, якіх паліцыя Італіі падабрала каля выспы Ліноза ў суботу. Човен, якім плылі ўцекачы, быў перапоўнены.

Спачатку Рым папрасіў Мальту забраць людзей (выспа знаходзіцца ў сотні марскіх міляў ад гэтай дзяржавы), але тая адмовілася. У выніку ратавальную аперацыю правяла італьянская паліцыя супольна з агенцтвам «Frontex», якое займаецца аховай межаў Еўразвязу.

Міністр унутраных справаў Італіі Матэа Сальвіні заяўляе, што мігрантаў не ўпусцяць на тэрыторыю Італіі.

Васьмёра мігрантаў, якім была неабходная медычная дапамога, былі скіраваныя ў шпіталь на італьянскай выспе Лампедуза.

Контэ і Сальвіні спрабуюць вырашыць сітуацыю па тэлефоне, падае крыніца «Reuters».

«Мігранты павінная быць неадкладна размеркаваныя сярод еўрапейскіх краін – у іншым выпадку Італія звяжацца з Лівіяй, каб адправіць іх туды, адкуль яны прыйшлі», – падае крыніца.

Пакуль лёс мігрантаў вырашаецца, яны будуць знаходзіцца на караблях.

ДД

Стужка навінаў