Італія пагражае Еўропе планам «Б», калі краіны ЕЗ не згодзяцца з квотамі на мігрантаў


Міністры ўнутраных справаў краінаў ЕЗ вырашаюць, што рабіць з мігрантамі, што плывуць праз Міжземнае мора. Калі не будзе адзінага рашэння, Італія пагражае моцным адказам.

Сёння ў Люксембургу міністры ўнутраных справаў абмяркоўваюць план перасялення 40 тысячаў мігрантаў з Італіі і Грэцыі ў іншыя краіны Еўразвязу.

Прэм’ер-міністр Італіі Матэа Рэнцы ўжо заявіў, што яго краіна мае план «Б», які «ударыць» па Еўропе. Італія можа пачаць выдаваць часовыя шэнгенскія візы, якія дазволяць мігрантам свабодна выехаць з Італіі паводле Шэнгенскіх правілаў.

«Калі Еўрапейская Рада выбірае салідарнасць, гэта добра. Калі не, то ў нас ёсць гатовы план «Б», які нанясе раны Еўропе», – адзначыў прэм’ер-міністр.

Дэталі італьянскага плану невядомыя, але па некаторых звестках, Італія не дазволіць высаджвацца на сваіх берагах мігрантам, якіх выратуюць караблі замежнага флоту.

Рассяліць мігрантаў, якія знаходзяцца ў Італіі і Грэцыі, у іншыя краіны Еўразвязу прапанавала Еўракамісія. Прапанова адразу выклікала спрэчкі. Мяркуецца, што 30 % перасяленцаў накіруюцца ў Нямеччыну і ў Францыю. А, напрыклад, Эстоніі прапануюць прыняць 1064 мігранты, Літве – 710. Памер квоты вызначаецца насельніцтвам краіны, ВУП і ўзроўнем беспрацоўя.

НМ, belsat.eu, паводле BBC

Стужка навінаў