«Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за напад на паліцыянтаў у Бельгіі


Тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за напад з мачэтэ на паліцыянтаў, здзейснены 6 жніўня ў Шарлеруа.

7 жніўня пракуратура Бельгіі паведаміла, што нападнікам аказаўся выхадзец з Алжыру, якому было 33 гады. Ягонае імя не называецца. Мужчына пападаў у поле зроку паліцыі за злачынствы, не звязаныя з тэрарызмам, паведамляе «Associated Press».

Раней улады Бельгіі абвесцілі, што справа расследуецца як тэракт.

6 жніўня ў Шарлеруа ад дзеянняў невядомага пацярпелі дзве супрацоўніцы паліцыі. Адна з іх атрымала глыбокія парэзы твару.

Паводле відавочцаў, невядомы крычаў «Алах Акбар». Адна з паліцыянтак стрэліла ў мужчыну. Нападніка з раненнем даставілі ў шпіталь.

НМ, belsat.eu, паводле «Associated Press»

Глядзі таксама
Каментары