«Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за атаку ў Парыжы


Цэнтр Парыжу пасля нападу

Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за напад на паліцыянтаў у Парыжы.

Заяву тэрарыстаў позна ўвечары 20 красавіка распаўсюдзіла блізкае да ІД агенцтва «Amaq».

Як адзначаецца ў заяве, нападнікам быў бельгіец Абу Юссеф, якога ІД называе «адным з лепшых сваіх байцоў». Ніякіх іншых падрабязнасцяў адносна асобы злачынцы ў заяве не падаецца.

Напад на паліцыянтаў адбыўся ўвечары 20 красавіка ў цэнтры Парыжа на Елісейскіх палях. Паводле папярэдняй інфармацыі, нападнік адкрыў агонь з аўтамату па паліцэйскаму аўту. У выніку адзін супрацоўнік быў забіты, яшчэ двое атрымалі раненні.

Паведамляецца таксама, што злачынца дзейнічаў у адзіночку і быў застрэлены паліцыяй пры пробе ўцячы.

Антытэрарыстычнае падраздзяленне пракуратуры распачало расследаванне. Паводле «Reuters», паліцыя пачала ператрус у доме забітага на ўсходзе ад Парыжу. Паводле некаторых звестках, ён трапляў раней у поле зроку службаў бяспекі ў сувязі з экстрэмізмам. Агенцтва AP паведамляе са спасылкай на дакументы паліцыі, што ператрусы праводзіліся ва ўсходнім прыгарадзе Парыжа – горадзе Шэль – у доме 39-гадовага Карыма Шорфі, у якога ўжо была раней судзімасць (паводле «Le Parisien», за напад на паліцэйскага ў 2001 годзе). Акрамя таго, двое крыніц у паліцыі таксама паведамілі AP, што галоўны падазраваны ў справе пра напад – гэта 39-гадовы жыхар усходняга прыгарада французскай сталіцы.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле DW, фотаздымак Tatif/ Wostok Press /Maxppp / Forum

Стужка навінаў