«Ісламская дзяржава» паказала чарговага закладніка-журналіста


Чальцы «Ісламскай Дзяржавы» распаўсюдзілі новае відэа, у якім паказалі трэцяга закладніка-журналіста. 43-гадовы брытанец Джон Кэнтлі быў выкрадзены ісламістамі ў Сірыі ў ліпені 2012 года.

Да гэтага Кэнтлі працаваў у некалькіх уплывовых ангельскіх газетах, піша Daily Mail. На запісы журналіст прадстаўлены ў ролі вядоўцы цыклу рэпартажаў пра баевікоў, якія яго захапілі.

Брытанец называе сябе закладнікам «Ісламскай Дзяржавы» і абяцае раскрыць праўду пра тэрарыстаў. Бачна, што Кэнтлі чытае загатоўлены тэкст.

Чальцы «Ісламскай Дзяржавы» цягам апошніх двух месяцаў размясцілі ў сеціве ролікі з пакараннем смерцю двух амерыканскіх журналістаў. У кожным відэа палонныя журналісты папярэджвалі ўлады ЗША і Вялікай Брытаніі, што забойства закладнікаў – помста за ваенныя аперацыі супраць мусульманаў у Іраку і Сірыі.

Цягам апошніх трох гадоў у Сірыі было выкрадзена больш за 80 журналістаў. Па дадзеных Камітэта па абароне журналістаў, больш 20 з іх прапалі без вестак.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў