«Ісламская дзяржава» пакарала смерцю дзясяткі сваіх камандзіраў за спробу бунту


Фота Reuters

Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» пакарала смерцю цэлы шэраг камандзіраў яе падраздзяленняў у Масуле за іхныя планы здаць горад іракскім войскам.

Усяго, паводле звестак «The Sunday Times», забітыя 54 чалавекі.

Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» (ІД) пакарала смерцю цэлы шэраг камандзіраў яе падраздзяленняў у іракскім Масуле, калі даведалася пра іхныя намеры дапамагчы іракскім войскам вярнуць горад пад свой кантроль. Пра гэта ў суботу, 15 кастрычніка, паведаміла на сваім сайце брытанскае выданне «The Sunday Times» са спасылкай на іракскіх афіцыйных асоб.

Паводле гэтых звестак, усяго былі забітыя 54 чалавекі. Гэта адбылося пасля таго, як на мінулым тыдні ў аднаго са змоўнікаў на карце памяці мабільнага тэлефона было выяўленае паведамленне, у якім гаворка ішла пра ўзбраенні джыхадыстаў.

«ІД перадухіліла ўнутраны пераварот, накіраваны супраць лідараў арганізацыі. Усе змоўнікі забітыя. Большасць з іх займалі кіроўныя пасады», – паведаміў «The Sunday Times» адзін з чальцоў рады правінцыі Нінэвія на поўначы Іраку.

Тым часам вайскова-паветраныя сілы Іраку ў суботу, 15 кастрычніка, скінулі на Масул тысячы ўлётак, у якіх паведамілі гараджанам пра рыхтаваны наступ. «Прыйшоў час перамогі, час праславіць… Ірак без »Ісламскай дзяржавы« і змрочных вераванняў», – цытаваліся ў пасланні словы прэмʼер-міністра Іраку Хайдэра аль-Абадзі (Haider al-Abadi). Мясцовым жыхарам рэкамендавана пазбягаць раёнаў, у якіх размешчаны пазіцыі экстрэмістаў, па магчымасці заставацца дома і забарыкадаваць вокны і дзверы.

МЯ, паводле dw.com

Глядзі таксама
Каментары