«Ісламская дзяржава» пагражае «вызваленнем» Сербіі і Харватыі


Тэрарысты з «Ісламскай дзяржавы» нацэльваюцца на заходнія Балканы.

«Радуйцеся, жыхары Балканаў, надыходзяць лепшыя дні для вас. Мы мусульмане, мы ісламскі халіфат», – спяваюць джыхадысты на відэа, якое днямі было апублікаванае ў інтэрнэце.

Тэрарысты кажуць, што іх мэтай з’яўляюцца Заходнія Балканы, паведамляе Tvn24.pl са спасылкай на харвацкае выданне «Jutarnji list». Першачарговай мэтай джыхадыстаў, калі верыць іх словам, з’яўляецца Сербія, пасля Харватыя, а пасля іншыя балканскія краіны: Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна, Косава, Македонія і Албанія.

З Косава, Албаніі і Босніі і Герцагавіны з мінулага года ў Сірыю і Іраку выехалі некалькі соцень чалавек. І частка з іх ужо вярнулася ў свае краіны – пра гэта гавораць дадзеныя Інтэрполу, Цэнтральнай разведвальнай управы (CIA) і інфармацыя ўрадаў некаторых заходнебалканскіх сталіц. Спецслужбы ўжо сочаць за некалькімі дзясяткамі патэнцыйных джыхадыстаў на заходніх Балканах. Але дагэтуль невядома, ці хтосьці з падазраваных быў на трэніроўках баевікоў у Сірыі, Іраку ці ў іншых краінах Афрыкі і Блізкага Усходу.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў