«Ісламская дзяржава» пагражае забіць заснавальніка «Twitter'а»


Прыхільнікі «Ісламскага дзяржавы» пагражаюць забіць аднаго з заснавальнікаў «Twitter’а» Джэка Дорcі. Яны матывуюць свой намер пастаянным блакаваннем іх акаўнтаў, паведамляе korrespondent.net са спасылкай на buzzfeed.com.

«Вашая віртуальная вайна стане сапраўднай вайной», – гаворыцца ў пасланні, адрасаваным заснавальніку «Twitter’а». Надпіс суправаджаецца фатаграфіяй Дорсі, на якой намаляваны прыцэл стрэльбы.

«Мы казалі вам з самага пачатку, што гэта не ваша вайна, але вы не зразумелі гэтага і працягвалі закрываць нашыя акаўнты на «Twitter’ы», аднак мы заўсёды вярталіся», – пішуць чальцы «Ісламскай дзяржавы».

Прадстаўнік «Twitter’а» Джым Просэр паведамляе, што аддзел бяспекі сацыяльнай сеткі сумесна з праваахоўнымі органамі ўжо расследуе дакладнасць гэтых пагрозаў.

«Twitter», як і відэахостынг «YouTube», як правіла, аператыўна рэагуе на відэа, на якіх прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы» караюць закладнікаў. Сэрвісы выдаляюць такія пасты і блакуюць акаўнты, які публікуюць забароненую інфармацыю.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Карыстальніцкае пагадненне «Twitter’а» прадугледжвае, што сэрвіс мае права абмяжоўваць публікацыю пастоў, якія змяшчаюць адкрытыя пагрозы гвалту супраць іншых людзей. Таксама забаронена выкарыстоўваць сацсетку ў незаконных мэтах.

Дорсі з’яўляецца адным са стваральнікаў сэрвісу мікраблогаў «Twitter», які быў заснаваны ў 2006 годзе. Ён узначальваў кампанію да 2008 года. Пасля сыходу з «Twitter’а» Дорсі запусціў сэрвіс інтэрнэт-плацяжоў «Square».

Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» актывізавалася ў пачатку лета 2014 года і захапіла значную частку Сірыі і Іраку. 29 чэрвеня на падкантрольных тэрыторыях было абвешчана стварэнне халіфату.

Нядаўна стала вядома, што прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы» молатамі патрушчылі надзвычай каштоўныя старажытныя скульптуры ў адным з захопленых гарадоў у Іраку.

МЯ, belsat.eu, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў