«Ісламская дзяржава» хоча захапіць Палестыну і выкараніць «Хамас»


Тэрарысты апублікавалі відэа, у якім звяртаюцца да жыхароў сектару Газа і пагражаюць адхіліць ад улады радыкальны рух за «супрацу з Іранам і ЗША, а таксама перашкоды ва ўсталяванні халіфату».

«Восем гадоў яны кіруюць у сектары Газа і за гэты перыяд не выканалі ні аднай пастановы Алаха. Мы выкаранім Ізраіль, і вас, а таксама ФАТХ, які кіруе палестынскімі тэрыторыямі на Заходнім беразе ракі Іярдан, і ўсіх секулярыстаў адхілім ад улады. Мы клянемся, што тое, што адбываецца ў Сірыі, адбудзецца і з вамі», – гаворыцца ў звароце джыхадыстаў.

Сёння міністр замежных спраў Палестыны Рыяд аль-Малікі заявіў, што ніякіх доказаў таго, што «ІД» прысутнічае на палестынскіх тэрыторыях няма.

Днямі тэрарысты «ІД» пакаралі смерцю больш за 80 сваіх прыхільнікаў у горадзе Маядын, нібыта за здраду і непадпарадкаванне загадам халіфа. Таксама паведамлялася, што баевікі пакаралі смерцю больш за 150 жанчын за адмову ўдзельнічаць у так званым сэкс-джыхадзе.

«Ісламская дзяржава» у 2014 годзе захапіла тэрыторыі Сірыі і Іраку, на якіх стварылі халіфат. Тэрарысты вярбуюць новых баевікоў не толькі на ўсходзе, але і ў краінах Азіі, а таксама ў Расеі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў