Ісламісты ў Сірыі карыстаюцца найноўшымі расейскімі прыцэламі


Расейскія прыцэлы апынуліся ў ісламістаў

Снайперы ісламісцкіх груповак «Ісламская дзяржава» і «Джабхат ан-Нусра» выкарыстоўваюць у баях прыцэлы расейскай вытворчасці, якія не паступалі ў вольны продаж, піша расейскае выданне «Коммерсант».

ЗША і Расея рэзка абмяжоўваюць продаж за мяжу начных прыцэлаў трэцяга пакалення, якія могуць паказаць стралку фігуру чалавека за сотні метраў ноччу нават у самае дрэннае надворʼе. Такія прыцэлы даюць рашучую перавагу падчас начнога бою.

Фактычна іх пастаўляюць толькі войскам і падраздзяленням блізкіх хаўруснікаў на жорсткіх умовах, пры якіх перадача такіх прыладаў камусьці іншаму забараняецца.

Аднак пры аглядзе зброі баевікоў спецыялісты з Масквы, якія супрацоўнічаюць з арміяй Башара Асада, знайшлі менавіта расейскую электроніку.

Расейскі снайпер

Прадстаўнікі расейскай прамысловасці і сілавых структур не каментуюць сітуацыю ці кажуць, што не ведаюць, як прыцэлы з расейскімі камплектуючымі патрапілі да ісламістаў.

Магчыма, прыцэлы былі на ўзбраенні расейскіх войск ці нелегальных фармаванняў расейскіх наймітаў, якія ваююць у Сірыі, а потым сталі трафеямі баевікоў. Таксама яны маглі быць пастаўленыя войскам Башара Асада ці іранскім фармаванням, якія ваююць на баку Асада.

Некалькі дзён таму ад снайперскага стрэла ноччу ў Сірыі загінуў падпалкоўнік расейскай арміі Аляксей Бучэльнікаў.

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu, фотаздымкі Мінабароны РФ, Wikipedia

Стужка навінаў