Ісламісты на Філіпінах вызвалілі з турмы больш за 150 зняволеных


Як мяркуецца, узброены штурм зладзілі экстрэмісты-паўстанцы з Ісламскага вызваленчага фронту мора.

Паводле начальніка турмы, размешчанай у правінцыі Катабата на поўдні краіны, нападнікі хацелі вызваліць сваіх паплечнікаў.

Баевікі адкрылі агонь па ахоўніках каля першай раніцы. Адзін вартаўнік быў забіты. Падчас перастрэлкі, якая працягвалася каля двух гадзінаў, з больш як паўтара тысяч вязняў 158 – збеглі, васьмярых – злавілі, шасцярых – забілі.

Некаторыя зняволеныя збеглі, выкарыстоўваючы драўляную лесвіцу, якую прыставілі да сцяны на заднім двары турмы.

Цяпер паліцыя і вайскоўцы праводзяць шырокамаштабную аперацыю па затрыманні злачынцаў.

Ісламскі вызвольны фронт мора з’яўляецца найбуйнейшай мусульманскай групоўкай на Філіпінах і базуецца ў паўднёвым рэгіёне Мінданаў. Экстрэмісты патрабуюць большай аўтаноміі для народа Мора.

Жыхары гэтай паўднёва-ўсходняй азіяцкай краіны цягам дзесяцігоддзяў пакутуюць ад мяцяжоў паўстанцаў на сваіх паўднёвых астравах. Колькасць каталікоў на Філіпінах складае каля 70,5 мільёна чалавек (81% ад агульнай колькасці насельніцтва).

ДР belsat.eu паводле aljazeera.com, theguardian.com

Стужка навінаў