«Іскандэры» больш не смяюцца: Расея засакрэціць спіс кампаніяў і банкаў-партнераў свайго ВПК


Закрыццё інфармацыі пра канкурэнтныя закупкі можа спрыяць карупцыі.

У 2014 годзе, калі ў адказ на расейскую агрэсію супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі, многія прадстаўнікі маскоўскай поп-культуры дасціпна жартавалі з амерыканцаў і еўрапейцаў. Цяпер, каб хоць часткова змякчыць удар, Масква можа ўдарыць па ўласных інвестарах, засакрэціўшы амаль усю інфармацыю пра кантакты свайго ВПК з камерцыйнымі кампаніямі.

Расейская поп-знакамітасць Ганна Семяновіч падчас пракрамлёўскага флэш-мобу. Фота – https://politikus.ru

У лютым 2018 года ЗША могуць увесці новы пакет эканамічных санкцый супраць Расеі. Падпісаны ў канцы ліпеня прэзідэнтам Доналдам Трампам закон «Санкцыі для супрацьдзеяння праціўнікам Амерыкі» прадугледжвае, што праз 180 дзён Міністэрства фінансаў у супрацы з Дзяржаўным дэпартаментам і выведкай ЗША направяць у Кангрэс адпаведны спіс асобаў і кампаніяў, звязаных з дзяржавай.

У Маскве ўжо склалі спіс 126 фірмаў, аперацыі дзяржаўных гульцоў з якімі будуць закрытыя ад грамадства. Акрамя таго, могуць быць засакрэчаныя фінансавыя вынікі амаль усяго расейскага абаронна-прамысловага комплексу.

Баксёру Валуеву было таксама смешна

«Відавочна, што неабходнасць закрыцця інфармацыі пра аперацыі з імі [кампаніямі са спісу] буйных дзяржаўных кампаніяў і, увогуле, любых структураў, якія звязаныя з дзяржавай, выклікана рызыкай »інфікавання« здзелкамі з імі непадсанкцыйных структур у Расеі, грашовых пакаранняў у юрысдыкцыі ЗША і магчымых арыштаў актываў», – адзначаецца ў публікацыі газеты “КоммерсантЪ”.

З іншага боку, закрыццё інфармацыі пра канкурэнтныя закупкі дзяржаўных і калядзяржаўных кампаніяў, у тым ліку тых, акцыі якіх складаюць вялікую частку расейскага фондавага рынку, не толькі аслабіць давер інвестараў, аднак будзе толькі спрыяць карупцыі і правакаваць дзяржаўныя фірмы на пашырэнне сваіх аперацый у непадкантрольнай грамадству «чорнай» прасторы.

Калі ў 2014 годзе пракрамлёўскія колы смяяліся з заходніх санкцыяў, то пачынаючы з 2015 года ўсё ў большай ступені сталі тлумачыць крызіс расейскай эканомікі менавіта ціскам з боку ЗША і Еўразвязу.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў