Іса Гамбар: Карабахскі канфлікт вырашыцца пасля дэмакратычных зменаў у Маскве


Пра тое, каму выгоднае новае напружанне ў Нагорным Карабаху і пры якіх умовах скончыцца гэты канфлікт, «Белсат» размаўляе са старшынём азербайджанскай апазіцыйнай партыі «Мусават» Ісам Гамбарам.[/vc_column_text][vc_single_image image=”159897″ img_size=”large” add_caption=”yes”][vc_column_text]У якога якія мэты былі ў гэтым кароткім супрацьстаянні, якое нечакана пачалося і нечакана скончылася? Хто чаго дасягнуў?

Іса Юніс аглы Гамбар: Трэба пачаць з таго, што вайна не канчалася. Перапыненая ў траўні 1994 года падпісаннем згоды аб спыненні агню, яна тэарэтычна і юрыдычна не завершаная, бо няма ніякай мірнай дамовы. Рэжым спынення агню пастаянна парушаецца ў той ці іншай ступені.

Мы лічым, што ён парушаецца армянскім бокам. Армяне, у сваю чаргу, абвінавачваюць нас. Часамі гэтае парушэнне рэжыму спынення агню перарастае ў даволі сурʼёзныя супрацьстаянні, што і адбылося гэтым разам. Трэба прызнаць, што гэта найбольш сурʼёзнае сутыкненне з часоў падпісання пагаднення.

Ёсць розныя версіі мэтаў бакоў. Афіцыйная пазіцыя Азербайджана такая, што ўзброеныя сілы Арменіі ў чарговы раз парушылі рэжым спынення агню, і нам прыйшлося адказаць на гэтыя ўдары. Арменія ж сцвярджае, што наступ распачаў Азербайджан, і ім давялося адказаць.

Ёсць версіі, што гэты этап ваеннага сутыкнення выгадны Маскве, якая, у прынцыпе і стварыла гэты канфлікт ды ўвесь час падтрымлівае яго на пэўным узроўні, каб ён не вырашаўся – для таго, каб мець нагоду ўмешвацца ва ўнутраныя справы каўказскіх дзяржаваў. Гэта, мяркую, праўдападобная версія.

Сёння я глядзеў выступ аднаго з армянскіх генералаў, які сцвярджае, што апошнімі падзеямі Азербайджан правёў разведку боем і ўдакладніў размяшчэнне армянскіх войскаў на тэрыторыі Карабаху ды выявіў асноўныя кропкі агню. Ён лічыць, што мы гэтых мэтаў дасягнулі.

Версіяў шмат, але праз тое, што афіцыйная інфармацыя скупая і вельмі вывераная, складана сказаць, каму патрэбнае гэтае сутыкненне. Значная частка тэрыторыі Азербайджана ўжо звыш дваццаці гадоў знаходзіцца пад акупацыяй Арменіі, якую падтрымлівае Масква. Усе гэтыя гады перамовы нібы ідуць, але яны не прыводзяць да якіх-кольвек, нават мінімальных вынікаў. Натуральна, у такой сітуацыі Азербайджан не можа змірыцца з працягам статус-кво.

Я думаю, што як мінімум гэтыя сутыкнення, якія прывялі да значных страт з армянскай і азербайджанскай боку, будуць папярэджаннем для міжнароднай супольнасці і арганізацыяў – перш за ўсё, для Менскай групы АБСЕ, якая, у прынцыпе, і павінна весці больш мэтанакіраваную працу для справядлівага мірнага ўрэгулявання канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам.

Навошта Маскве распальваць гэты канфлікт цяпер?

Некаторыя лічаць, што Масква занепакоеная збліжэннем Азербайджана з Захадам ды Злучанымі Штатамі, якое назіраецца апошнім часам, і гэты канфлікт – папярэджанне.

Ёсць версіі, што аўтарытарны рэжым Пуціна ўжо ўвайшоў у густ і без якіх-небудзь ваенных канфліктаў ці ўдзелу ў іх вырашэнні, падтрымліваць 90-таадсоткавы ўзровень рэйтынгу Пуціна даволі складана, таму ім патрэбны быў канфлікт. Тое, што цяперашняя дамова аб спыненні агню была дасягнутая менавіта ў Маскве, прыносіць Расеі пэўнае задавальненне: маўляў, вось, мы дамагліся спынення агню. Гэта – паведамленне для Захаду: Карабахскі канфлікт, а таксама Арменія і Азербайджан застаюцца пад нашым кантролем.

Як бы вы пракаментавалі версію, што Азербайджан вырашыў вярнуцца да Карабаху, каб адцягнуць увагу ад унутраных праблем у краіне – перш за ўсё фінансавых?

Не лічу, што гэтая версія вартая сурʼёзнага абмеркавання. Вядома, некалькі дзён у сацыяльных сетках гаворка ішла толькі пра сутыкненні ў Карабаху, пра загінулых, пра вызваленыя тэрыторыях. Натуральна, сацыяльныя і эканамічныя праблемы пакуль адышлі на другі план, але ж яны не вырашаныя. І спадзявацца на тое, што з дапамогай такіх ваенных сутычак народ забудзецца на эканамічныя праблемы – несурʼёзна. Гэтыя праблемы, а таксама праблемы з палітычнымі свабодамі – сурʼёзныя, яны застаюцца, і мы, дэмакратычная супольнасць Азербайджану, працуем у гэтым кірунку.[/vc_column_text][vc_column_text]У 2011 годзе ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» вы казалі, што праблема Карабаху будзе вырашаная толькі ў выпадку, калі ў Ерэване і Баку адбудуцца дэмакратычныя змены. Вы застаяцеся пры сваім меркаванні?

Застаюся, але цяпер дадаў бы яшчэ адзін момант, які тады не хацеў падкрэсліваць: гэта адбудзецца таксама пасля змены рэжыму ў Маскве. І карабахскі канфлікт, і канфлікт у Грузіі – паўднёваасяцінскі, – і праблема Прыднястроўя, і крымская, Данбаская праблемы – яны ўсе створаныя Масквой, каб захоўваць кантроль над постсавецкай прасторай, мець магчымасць умешвацца ў справы новых незалежных дзяржаў, уплываць на сітуацыю і на палітычныя рашэнні гэтых краінаў. Усе гэтыя канфлікты будуць вырашаныя пасля таго, як у Расеі адбудуцца сурʼёзныя змены, калі яна адмовіцца ад экспансіянісцкай палітыкі і зоймецца сваймі праблемамі.

Я не сцвярджаю, што вырашыць нашыя праблемы лёгка, але, мяркую, яны будуць у такім выпадку вырашаныя справядліва. Усім вядома, што Карабах – тэрыторыя Азербайджана гістарычна і юрыдычна. Усім вядома, што Крым – гэта ўкраінская тэрыторыя. Тое ж самае можна казаць пра Абхазію і Паўднёвую Асеціі, якія адносяцца да Грузіі. І пра Прыднястроўе – тэрыторыю Малдовы.

Натуральна, ва ўсіх гэтых выпадках трэба ўлічваць мясцовыя асаблівасці канфлікту. Усім меншасцям павінны быць прадстаўлены тыя ж правы, на тым жа ўзроўні, які выконваецца ў еўрапейскіх краінах у дачыненні да нацыянальных меншасцяў.

Гэтая спрэчка – не толькі этнічная, але і гістарычная Армяне спасылаюцца на пісьмовыя крыніцы і сцвярджаюць…

Вы сурʼёзна? Калі звяртацца да гісторыі, уся сусветная геаграфія павінная быць змененая, а межы перапісаныя. Існуе прынцып недатыкальнасці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў. Гэтыя прынцыпы павінныя быць выкананыя. І правы розных частак насельніцтва павінныя вырашацца на аснове тых правілаў і канвенцыяў, якія існуюць у сучасным свеце. Нацыянальным меншасцям трэба даць магчымасці захаваць сваю культуру і мову, сваю самабытнасць. Гэта даўно вырашанае ў Еўропе пытанне. Лічу, што прыдумляць нейкія новыя парады для Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны – несурʼёзна.

А як бы карабахскі канфлікт вырашыўся б практычна?

Вельмі проста: аднаўляецца тэрытарыяльная цэласнасць дзяржаваў, меншасцям прадстаўляюцца ўсе правы на сучасным узроўні, які існуе ў Еўропе. Іншага варыянту няма Усе, хто шукаюць нейкіх прыгодаў, толькі ствараюць праблемы для нас і для сябе.

Нагорна-Карабахскі пункт гледжання ў інтэрвʼю Сяргея Пелясы і Дзяніса Дзюбы з Артакам Беглар’янам, прэсавым-сакратаром кіраўніка ўраду самаабвешчанай дзяржавы Нагорна-Карабахская Рэспубліка

Гутарылі Дзяніс Дзюба і Сяргей Пеляса

Стужка навінаў