«Іранцы ведаюць, што Беларусь – гэта не Расея». Інтэрв’ю з Дзянісам Дзюбам


Цэнтральны Іран. Фота – Дзяніс Дзюба

Антыўрадавыя пратэсты ў Іране сталіся самымі маштабнымі за апошнія дзевяць гадоў. Пратэстоўцы выказвалі незадаволенасць ростам коштаў і беспрацоўем, а таксама вонкаваю палітыкай уладаў, якая прыводзіць да ўвядзення санкцыяў супраць Тэгерану. Акрамя масавых вулічных дэманстрацыяў у краіне абвастрылася і барацьба за ўладу паміж кансерватарамі і рэфарматарамі.

Чым падобныя беларускі ды іранскі пратэсты? Ці вераць у Тэгеране ў перамены, і ці жартуюць пра ўладу? Інтэрв’ю з Дзянісам Дзюбам, які нядаўна правёў 16 дзён у Іране, дзе быў як турыст, але пабачыў нашмат болей.

Аліна Коўшык: Іран – даволі закрытая краіна. Як там ставяцца да замежнікаў, калі бачаць асобу, якая зусім не падобная да іх? Ці выклікае гэта цікаўнасць, ці нейкую боязь, ці наадварот – адкрытасць?

Дзяніс Дзюба: Гэта выклікае адназначную цікаўнасць. Замежнікі стамляюцца адказваць на пытанні, бо да турыстаў падыходзіць кожная асоба. Літаральна на вуліцы кожны хоча з табою прывітацца, даведацца самыя простыя рэчы: як цябе завуць, адкуль ты прыехаў. У прынцыпе, нават не слухаюць адказаў, бо веданне англійскай мовы можна параўнаць з Беларуссю: шмат хто вывучаў, але ведае базавыя пытанні. Яны лічаць, што гэта вельмі важная частка гасціннасці – трэба павітацца. Спачатку гэта падабаецца, але ўжо напрыканцы першага дня ты стамляешся. Праз два тыдні – я быў там каля 16 дзён – ужо проста не хапае энергіі, каб з усімі паразмаўляць.

Сёння ў Іране гэтыя пратэсты ўжо сціхаюць, але калі ты там быў некалькі месяцаў таму, ці адчуў ты пэўную напружанасць у грамадстве, незадаволенасць? Кажуць пра тое, што там даволі вялікае беспрацоўе – агулам у краіне каля 12 %, а ў некаторых рэгіёнах нават да 60 %, рост коштаў. Ці ты гэта заўважыў ужо тады?

Не, гэта наагул не заўважаецца. Натуральна, незадаволенасць ёсць, але яна спакойная, ціхая, такая беларуская незадаволенасць.

Ці іранцы баяцца казаць, што яны незадаволеныя?

Не баяцца, але выказваюцца пра гэта спакойна. Яны ставяцца да рэжыму, што пануе ў краіне, як да чагосьці дадзенага, да таго, з чым трэба змірыцца. Яны пра перамены не мараць.

Падобна, як беларусы?

Беларусы, напэўна, мараць. Прынамсі, мы можам жартаваць неяк. Там пра ўладу не жартуюць – я ніколі не чуў. Магчыма, праз тое, што я замежнік: гэтыя людзі не ведалі, што я буду рабіць далей. Іранцы не адкрываюцца да канца, але, тым не менш, замежнікам хутчэй давяраюць.

Але ўсё ж такі ўлады не жартуюць, бо забітыя некалькі дзясяткаў чалавек (дакладнай лічбы мы не ведаем), каля тысячы былі затрыманыя падчас гэтых пратэстаў – то бок там сапраўды ёсць чаго баяцца. Гэтыя пратэсты былі вельмі актыўнымі ў сталіцы, Тэгеране, якая заўсёды лічылася аплотам цяперашняй улады. Ці быў ты ў Тэгеране? Што ты там пабачыў, што цябе здзівіла?

Я праехаў увесь Іран з поўначы на поўдзень, да Хурмузскай пратокі. Тэгеран быў першым горадам, які я наведаў, бо я туды прыляцеў. Здзівіла тое, што няма чым дыхаць, бо горад месціцца ў нізіне і нагадвае польскі Кракаў. Там шмат аўтаў, шмат людзей – больш за 10 млн асобаў. Аўты – пераважна іранскі «Samand», які, дарэчы, рабілі ў Беларусі. Гэта копія «Pegout 407», то бок увесь Іран – гэта ў прынцыпе адная і тая ж машына, як у Албаніі гэта «Mercedes». Паветра – своеасаблівы тавар, самыя дарагія кватэры – на поўначы Тэгерану, там, дзе пачынаюцца горы. Гэта раён «luxury», дзе жыве арыстакратыя, чыноўнікі, мастакі – тыя, хто можа зарабляць.

А як выглядае штодзённасць у Іране? Які ў іх агулам узровень жыцця? Што ты паспеў заўважыць падчас свайго падарожжа?

Сярэдні заробак у Іране – каля 300–400 еўраў.

То бок прыкладна як у Беларусі, можа, крыху больш.

Напэўна, крыху больш. Але людзі жывуць прыкладна так, як у Беларусі. Я не праводзіў шмат часу з сем’ямі, каб зразумець, бедныя людзі ці не, але самі іранцы прызнаюцца: мы – бедны народ.

Жанчыны з мястэчка Варзанэ апранаюць белую, а не чорную чадру. Фота – Дзяніс Дзюба

Людзі па-рознаму бавяць час. Я спрабаваў скарыстацца такім сэрвісам, як «couchsurfing», дзе ты шукаеш сабе канапу – не дзеля таго, каб не заплаціць за жыллё, а каб даведацца болей. Калі ты вандруеш – ты заходзіш у дамы. Іран адрэзаны…

Цікава, што ў Іране працуе «couchsurfing».

Не, не працуе. Калі мы заходзім у інтэрнэт і лагінімся ў наш акаўнт на «Google», каб увайсці ў пошту – перш чым зрабіць гэта, іранец заходзіць на нейкі проксі-сервер, бо «Facebook» заблакаваны, большасць таго, чым мы карыстаемся штодзень, у Іране немагчыма адкрыць проста так. Інтэрнэт вельмі павольны, вельмі дарагі.

Мы ведаем, што нават цяпер, падчас пратэстаў, блакавалі «Іnstagram» i «Telegram», які вельмі папулярны ў Іране.

Так, яны дадаліся да спісу тых рэсурсаў, што блакавалі традыцыйна.

Я спрабаваў карыстацца «couchsurfing» і адкрыў для сябе такую рэч, што «couchsurfing» у Іране – гэта аналаг еўрапейскага або сусветнага «Airbnb». Іранцы выкарыстоўваюць «couchsurfing» не дзеля таго, каб «упісаць» цябе, а каб здаць сваё жытло або пакой. На ўсе мае абвесткі і каментары мне пісалі: «Гэта будзе каштаваць столькі».

То бок зусім змяняе сутнасць «couchsurfing», дзе ты прыязджаеш задарма.

Гэта парушае правілы «couchsurfing»: ты не можаш браць грошай. Я рэдка карыстаюся «couchsurfing», хаця вандрую шмат, і грошы з мяне ніколі ніхто нідзе не браў. У Іране, аднак, гэта норма. «Аirbnb» у іх зусім невядомы, мне падалося.

А як жыве моладзь, як бавіць вольны час? Усё ж гэта ісламская краіна, не зусім такая, як Арабскія Эміраты, скажам. Ведаю, што моладзь там ладзіць нейкія падпольныя імпрэзы. Як там з алкаголем? Ці спрабаваў ты там набыць алкаголь?

Так, я спрабаваў. Я вельмі хацеў трапіць на гэтыя закрытыя імпрэзы, іх сапраўды ладзяць. Моладзь збіраецца, скідваецца, пэўна, на нейкую ежу. Не ведаю, ці на ўсіх гэтых падпольных імпрэзах прысутнічае алкаголь, але, напэўна, мусіць быць, калі яны закрытыя, бо легальную вечарыну можна зладзіць і ўдома. Яны едуць за 30–50 км ад гораду ў пустэльню – у іх хапае пустэльняў – і там разам з дыджэем весяліцца. Я туды, на жаль, не патрапіў, не знайшоў людзей, якія б гэта арганізоўвалі.

Цябе не запрасілі?

Так, ніхто мяне не запрасіў. Другі момант – я вельмі хацеў паглядзець, як выглядае чорны рынак алкаголю, як яго спажываюць іранцы.

Маладыя гандляры п’юць гарбату на кірмашы ў Тэгеране. Гэта напой № 1 у Іране. Фота – Дзяніс Дзюба

Я толькі чуў са словаў іншых турыстаў, як выглядае набыццё, напрыклад, упакоўкі з шасці банак піва – трэба хадзіць па горадзе, дамаўляцца з кімсьці, потым выносіць гэта падпахай. Толькі аднойчы я пакаштаваў віна, якое смакавала, як воцат. Я не змог яго піць, выплюнуў. Іранцы, аднак, дапілі бутэльку і сказалі, што такое віно мы п’ем, іншага ў нас няма.

Я маю сяброўку, якая паходзіць з Ірану. Я таксама намагалася выцягнуць з яе пэўную інфармацыю пра тое, што адбываецца цяпер, але яна не хацела мне распавядаць. Яна навучаецца ў Польшчы, у Варшаве. Я здзівілася, як яе выпусцілі, бо яна не замужам. Яна кажа, што ў іх гэта абсалютна нармальна: дзяўчаты ходзяць у школу, а потым маюць права на вышэйшую адукацыю. Яе таксама выпусцілі навучацца ў Польшчу ў межах праграмы «Erasmus».

Да 1979-га ў Іране ва ўніверсітэтах 40 % студэнтаў былі дзяўчаты. Пасля 1979 года колькасць студэнтак знізілася да 10 %. Цяпер яна, напэўна, крыху павялічылася, прынамсі, паводле маіх адчуванняў, бо я шмат студэнтак сустракаў. Але ў школах (напэўна, ва ўніверсітэтах, відаць, таксама) навучанне асобнае, гэта значыць ёсць класы хлопцаў і дзяўчатак. У грамадскім транспарце – аўтобусах, метро – асобныя вагоны для жанчын і для мужчын. Я пазнаёміўся са студэнткамі тэатральнай акадэміі, і гэта былі самыя прагрэсіўныя асобы, што я бачыў у Іране. Як толькі яны траплялі ў такое месца, дзе няма іранцаў дарослых, здымалі з сябе хусты і былі ў прысутнасці мяне, мужчыны, з непакрытымі галовамі. Адная дзяўчына мела наагул паголеную галаву – уся ў татуіроўках, з пірсінгам. Для мяне гэта выглядала рэвалюцыйна.

Вядома, параўноўваць Беларусь ды Іран цяжка, але пэўныя паралелі насоўваюцца. У нашай краіне і Іране дыктатура, якая цягнецца ўжо шмат гадоў. Што табе найбольш кінулася ў вочы падобнае да нашай краіны?

Панурасць перадусім. Але Іран нашмат больш пануры, чымся Беларусь, нашмат больш шэры, безнадзейны.

Нягледзячы на сонца?

Сонца я, дарэчы, бачыў мала ў Іране, так супала. Але іранцы не вераць у змены. Там сапраўды такі рэлігійны бетон, які яны страцілі надзею знішчыць. Іранцы вельмі добра ставяцца да беларусаў, перадусім яны ведаюць, дзе Беларусь, і вандруюць шмат. У экзатычных краінах, напрыклад, слова «Беларусь» нічога не кажа, некаторыя асацыююць гэта з Расеяй. Іранцы ведаюць, што Беларусь – гэта не Расея, і ставяцца да беларусаў добра, бо сярод пэўнай часткі іранскага грамадства ёсць беларускі кумір – Аляксандр Мядзведзь.

Спартовец, які займаецца іранскай барацьбой кушці, пасля трэніроўкі. Фота – Дзяніс Дзюба

Іранцы – вядомыя барцы. У 1968 годзе ў Мехіка Мядзведзь перамог амерыканца. Для іх чалавек, які перамагае амерыканца, ужо аўтаматычна герой. Мядзведзь быў сапраўды ў свой час таленавітым барцом. У катэгорыі больш за 100 кг ён сем разоў перамагаў на чэмпіянатах, Алімпіядах. Думаю, калі Мядзведзь прыедзе ў Іран, яго сустрэнуць на высокім узроўні.

Інтэрв’ю паказалі 5 студзеня 2018 г. у праграме «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

Таксама ў праграме:

  • «Карта суайчынніка». Якой яе хочуць бачыць беларусы замежжа?
  • «Спадкаемцы катаў шукаюць грошы ў нашчадкаў катаваных». Інтэрв’ю з кіраўніком «Беларускага дому» у Варшаве Уладам Кобецам пра «карту суайчынніка»;
  • Сакрэты дрэс-коду Лукашэнкі, Кім Чэн Ына і Трампа;
  • Ад фэнтазі ў рэальнасць. Тэхналогіі-2018 у свеце і ў Беларусі
Стужка навінаў