Іранская нафта: блеф Лукашэнкі ці рэальная альтэрнатыва?


Беларусь на фоне газавай спрэчкі з Масквою, да якой расейскі бок імгненна дадаў нафтавае пытанне, чарговы раз сягнула па набыццё чорнага золата па-за межамі Саюзнае дзяржавы. Колькі ў такім кроку эканомікі, а колькі палітыкі, разбіраўся Ігар Кулей.

600 тыс. барэляў, або 84 тыс. тонаў нафты. Інфармацыя пра набыццё Беларуссю такой колькасці іранскае нафты зʼявілася нядаўна ў медыях. Афіцыйны Менск захоўвае маўчанне ў гэтай справе. Нацыянальная іранская нафтавая кампанія змяшчае перадрук гэтай інфармацыі на сваёй інтэрнэт-старонцы.

«Першая пастаўка іранскае нафты яшчэ не завяршылася, яшчэ вырашаюцца праблемы лагістыкі. Як лепей паставіць нафту? Праз прыбалтыйскі порт Вэнтспілс ці праз Адэскі порт ва Украіне», – кажа эканамічны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Таццяна Манёнак.

Некаторыя расейскія ды польскія эксперты ўвогуле называюць гэтую пастаўку небыліцаю, беларускім інструментам шантажу Масквы ў нафтагазавай спрэчцы. Але, як нам удалося высветліць, пастаўка сапраўды мае адбыцца, яна ўжо фігуруе ў партовых электронных базах. Гэта пацвердзіла ў тэлефоннай размове Яўгенія Пракапец з адміністрацыі Адэскага марскога порта:

«З 23 да 26 лютага будзе адбывацца пагрузка нафты ў Іране. Порт, у які будзе ісці гэты танкер, пакуль не вызначаны, прынамсі мы пакуль не атрымалі пацверджання, што ён будзе ісці праз адэскі порт. Інфармацыя пра тое, ці адбудзецца заход судна ў наш порт, падаецца агентам непасрэдна за тры дні да планаванага заходу».

Летась у кастрычніку праз адэскі порт адбылася разавая пастаўка азербайджанскае нафты аналагічным памерам у 84 тыс. тонаў. Сёлета ж, Баку адмовіўся пастаўляць Менску чорнае золата па кошце $ 30 за барэль. Азербайджан падпісаў мемарандум ОПЭК і цяпер скарачае здабычу сыравіны. А ў такіх умовах, як вядома, мухі асобна, а катлеты асобна, і нават беларускі «падарунак» краіне ў форме выдачы блогера Лапшына выявіўся не роўнавартым таварам. Але нават калі б такая ўгода адбылася, гэта была б кропля ў моры з тых 6 млн тон нафты, якіх сёння не стае Беларусі.

«Той жа Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод за дзень можа перапрацоўваць 42 тыс. тонаў нафты, параўнайце 42 тысячы і 84 тысячы – гэта сутачная загрузка прадпрыемства», – адзначае Таццяна Манёнак.

А таму сэнс гэтых паставак не столькі ў колькасці, як у магчымасці тэхналагічнага дастасавання беларускіх прадпрыемстваў да іншых гатункаў нафты. Іранская нафта, паводле сваіх характарыстык, значна бліжэйшая да расейскае сыравіны, пад якую і ствараліся нашыя НПЗ. Да таго ж Тэгеран толькі выйшаў з-пад санкцыяў і атрымаў магчымасць шырокага экспарту. Краіна не падпісвалася пад пагадненнем ОПЭК, і ў адрозненне ад большасці гульцоў на рынку, нарошчвае здабычу. У пошуку месца пад сонцам Іран пагаджаецца на розныя дзіўныя схемы.

«Лагістыка займае невялікую частку кошту нафты, калі гаворка ідзе пра пастаўкі па трубе, – да $ 10 долараў на тону. Але калі мы гаворым пра перасылку цягнікамі, то гэта ўжо $ 30-50», – заўважае Анджэй Шчэнсьняк, кіраўнік Польскай палаты вадкіх відаў паліва.

Тая ж Польшча ўжо набывае іранскую нафту мільёнамі барэляў і мае трубаправоды да сваіх НПЗ. А значыць, для Варшавы гэта мае эканамічны сэнс. Летась «Wall Street Journal» рапартаваў: калі кошты на сыравіну вагаліся ў раёне $ 40 за барэль, Іран дазваляў сабе падпісваць дамовы на $ 17

Магчымыя каналы пастаўкі нафты для Беларусі

Беларусі, нават пры ўдалым кантракце, усё трэба перавозіць цыстэрнамі чыгункай. А каб уключыць у формулу трубаправод Адэса – Броды, патрэбныя сталыя пастаўкі нафты, а не разавая ўгода.

Іншы, самы кароткі шлях ад мора да нас – літоўская Клайпеда. Менск інвеставаў у гэты порт дзяржаўныя грошы, але з нейкае прычыны гэтым разам ён у іранскім імпарце не фігуруе.

«Цяпер Літва даволі крытычна ставіцца да Беларусі з-за пабудовы атамнай станцыі ля нашых межаў. І калі мы кажам пра эканоміку, то Беларусь заўсёды выкарыстоўвала гандаль і парты як элемент уплыву на іншыя ўрады. Латвійскія палітыкі менш крытыкуюць беларускі атамны праект, вось адна з прычынаў таго, чаму танкер плыве ў Вентспілс», – кажа Лінас Каяла, дырэктар Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы (Вільня).

Яшчэ адным лагістычным шляхам з боку Балтыкі можа быць Польшча. Адлегласць ад Гданьску да беларускае мяжы складае 300 кіламетраў, роўна столькі ж, як і ад Клайпеды. Цікава, што менавіта польская дачка «Белнафтахіму» і абслугоўвае рэзанансную ўгоду з Іранам.

«Калі б Беларусь вырашыла змяніць сваю палітычную арыентацыю на празаходнюю, тады б Польшча была вельмі актыўная і магла б шмат у чым дапамагаць Беларусі. Варшава зацікаўленая ў тым, каб мінімалізаваць сувязі Беларусі ды Расеі ды змяншаць яе энергетычную залежнасць», – мяркуе Анджэй Шчэнсьняк.

Але пакуль паміж Гданьскам ды Беларуссю няма нават наўпроставага чыгуначнага злучэння. Справу ўскладняе неабходнасць змяняць колы на тысячах вагонаў з вузкіх еўрапейскіх на шырокія савецкія. Гэтай праблемы няма паміж Беларуссю, Латвіяй, Літвой і Украінай. А таму каб добра зразумець, у які бок будуць развівацца падзеі, варта цяпер сачыць не столькі за тым, колькі танкераў і чыёй нафты набывае Менск, а ў якую інфраструктуру і колькі ён інвестуе.

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Глядзіце яе апошняе выданне цалкам:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў