«Інвестуючы ў беларускасць, Польшча становіцца багацейшаю». Лявон Тарасэвіч – лаўрэат узнагароды Гейдройца


4 снежня мастак і выкладчык беларускага паходжання Лявон Тарасевіч разам з Анджэям Сулімам-Каміньскім, гісторыкам з амерыканскага ўніверсітэту Джорджтаўн, сталі лаўрэатамі прэміі газеты Rzeczpospolita імя Ежы Гедройца, якую ад 2001 года ўручаюць штогод за дзейнасць на карысць пагаднення з народамі Цэнтральна-Усходняе Еўропы. «Белсат» паразмаўляў з Леонам Тарасэвічам адразу пасля ўзнагароджання.

Прафесар, мае віншаванні! Ці гэтая ўзнагарода будзе Вас абавязваць?

Гэтая такая ўзнагарода, якая кладзе на плечы адказнасць, бо да гэтае пары можна было быць студэнтам, чытаць, саспяваць з гэтай літаратурай (я ведаю наколькі важнай была перапіска з Гедройцам для Сакрата Яновіча).

Выжыць у інтэлектуальнай пустэчы з больш шырокімі, чымся маленькае беластоцкае асяроддзе, ідэямі, – цяжка.

Лявон Тарасэвіч чакае на аб’яўленне лаўрэатаў ўзнагароды імя Ежы Гедройца. 4 снежня 2017 года. Варшава, Польшча. Фота – Дзяніс Дзюба

Памятаю, што паездкі раз на паўгода ў Кракаў, каб паўгадзіны паразмаўляць з Ежы Навасельскім (польскі іканапісец, мастак і праваслаўны тэолаг; памёр у 2001-м; Тарасэвіч натхняўся ягонай творчасцю. – Заўв. «Белсат») давала сілы ісці далей і не пераймацца ўдарамі лёсу і няўдачамі.

Цяпер з гэтай ідэяй, звязанай з такім вялікім імем, трэба будзе ўздымаць галаву і несці сцяг Гедройца.

Гедройц адстойваў ідэю добрых стасункаў з суседзямі – у тым з Беларуссю. Чаму адпаведнае ідэі – пагаднення з Польшчай – не паўстала ў Беларусі? Чаму няма беларускага Гедройца?

Беларускае грамадства страціла занадта вялікую частку элітаў – і толькі цяпер пачала з’яўляцца тая інтэлігенцыя, якая здольная да дыскусіі без комплексаў. Польшчу падтрымлівалі нашмат больш, і маральна, і эканамічна, дзякуючы чаму ў краіне з’явіліся як інтэлектуальныя, гэтак і палітычныя эліты.

У Беларусь інвеставалі на працягу гісторыі замала.

Усе чакаюць ад Беларусі, што яна створыць нешта сама, але ў палітыцы ніхто нічога сам не стварае. Гэта заўсёды супраца. На сёння адносна палітычнае сцэны ў гэтай частцы Еўропы Беларусь нікому не патрэбная. Ёсць сантыменты, прыгожыя звароты і заявы, але інвестыцыяў няма.

Лявон Тарасэвіч (справа) і Анджэй Суліма-Каміньскі на сцэне пасля абвяшчэння рашэння журы ўзнагароды імя Ежы Гедройца. 4 снежня 2017 года. Варшава, Польша. Фота – Дзяніс Дзюба

Я са смуткам назіраў, як ажыццяўлялі інвестыцыю на Украіне, якую ў выніку спынілі, але інвестыцыяў у беларускасць не бачу. Але дзякуючы трываласці ідэі вольнае Беларусі трывае прага да таго, каб быць вольным – і гэта важна, бо дае надзею, што можна з кімсьці размаўляць як з партнёрам.

У вас няма ўражання, што апошнім часам Польшча размаўляе з беларускімі ўладамі, а не з беларусамі?

Трэба больш інвеставаць у беларускасць, а не выкарыстоўваць слабасці цяперашняе гістарычнае сітуацыі.

Інвестуючы ў беларускасць, Польшча становіцца толькі багацейшай. Пакідаючы Беларусь адну, Польшча становіцца слабейшай – як у гісторыі і палітыцы, гэтак у літаратуры і мастацтве.

Лявон Тарасэвіч (справа) і Анджэй Суліма-Каміньскі трымаюць узнагароды імя Ежы Гедройца на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ў палацы Красіньскіх. Варшава, Польшча. 4 снежня 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

Гэта павінна быць па-над сённяшнім часам – трошкі як у Гедройца. Пра гэта яшчэ ніхто не думаў, а ён ужо казаў. Трэба вучыцца з гэтым жыць, хоць гэта і не так лёгка.

Калі, на Вашую думку, ў Менску з’явіцца помнік Гедройца?

Павінная зʼявіцца атмасфера, калі ставяцца помнікі за мысленне, а не за падданства.

Што азначае быць сёння беларусам у Польшчы?

Гэта не такое складанае пытанне. Калі чалавек беларус – ён беларус. У Польшчы трэба абараніць сябе толькі перад прымітыўнымі асобамі, якія вельмі вузка глядзяць на цывілізацыю, для якіх рыса на мапе азначае канец адной краіны і пачатак іншай. Трэба ведаць мінуўшчыну, мець свядомасць – і тады распачынаць дыялог.

Калі мы робім у Крынках «Трыялог» (фестываль беларускай, польскай і ўкраінскай культураў, які ладзіцца ў жніўні на мяжы Польшчы і Беларусі. – Заўв. «Белсат»), і прыязджаюць Анджэй Стасюк і Юрый Андруховіч (адпаведна польскі і ўкраінскі пісьменнікі. – Заўв. «Белсат») – мы не патрабуем перакладчыка, як гэта здаралася на Сеймах Рэчы Паспалітай.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў