Інваліды-вазочнікі – як вязні ў сваіх кватэрах. Сюжэт на «Белсаце» дапамог, але гэта толькі пачатак


Жыхары дому па вуліцы Ясневай у Берасці самастойна не могуць выйсці на вуліцу, бо іхны дом да гэтага… не прыстасаваны. Чыноўнікі на шматлікія скаргі рэагавалі адпіскамі.

Як чыноўнікі «сацыяльны» дом зрабілі

У2008 годзе ў Берасці на вуліцы Ясневай 14 пабудавалі звычайны дом. Але мясцовыя ўлады пастанавілі зрабіць яго «сацыяльным» і пасяліць туды людзей з інваліднасцю. Вось толькі добраўпарадкаваць яго адпаведна з патрэбамі інвалідаў – «забыліся». Цяпер у дзевяціпавярховіку пражывае больш за 20 семʼяў з асобамі, якім праз інваліднасць патрэбныя дадатковыя ўмовы.

Адна з жыхарак дому Анжэла Міранюк кажа, што пасля засялення ў сваёй новай кватэры яна не магла карыстацца а ні лазенкаю, а ні прыбіральняй, а ні балконам, паколькі праз дзвярныя праёмы не праходзіў вазок, а парогі былі надта высокія. З падобных прычынаў жанчына не можа і самастойна выйсці на двор.

«Гэта самая сапраўдная праблема: самастойна на вазку спусціцца па лесвіцы ад ліфта немагчыма. Пасля шматлікіх зваротаў нам усталявалі дошку, якую яны назвалі адкідным пандусам», – распавядае спадарыня Анжэла.

Тым часам берасцейскія чыноўнікі сцвярджаюць, што дом абсталяваны ўсім неабходным. Пад «усім» яны і маюць на ўвазе адкідны драўляны пандус, але на без дапамогі заехаць туды на вазочку практычна немагчыма.

З гэтай прабемай сутыкаецца не толькі нашая суразмоўца – у гэтым падʼездзе жывуць яшчэ тры сямʼі з інвалідамі-вазочнікамі. На ранейшых сустрэчах прадстаўнікі ўлады прапанавалі ім усталяваць дарагі пад’ёмнік за ўласныя сродкі, але ў жыхароў дому грошай на гэта няма.

Валянціна Каліта, якая таксама жыве ў гэтым доме, распавядае, што тая ж праблема не дае нармальна жыць і ейнай сям’і:

– Калі мы атрымалі кватэру, майго сыну інваліду было 12 гадоў, тады ён мог хадзіць. Але апошнія пяць гадоў ён на ногі не становіцца. У нас праблема проста выйсці на вуліцу. Каб мы маглі выйсці на вуліцу трэба мінімум дзве аосбы ў дапамогу. Мы жывем у ХХІ стагоддзі і ўлады не могуць вырашыць пытанне з устаноўкай пандуса або якога пад’ёмніка.

Пасля сюжэту на «Белсаце» ўлады вырашылі прыслухацца да людзей?

Анжэла Міранюк звярнулася ў берасцейскі аблвыканкам і атрымала адказ, што гэтых праблемаў у доме… не існуе. У прыватнасці, ў адказе першага намесніка берасцейскага аблвыканкаму Мікалая Токара гаворыцца: “Магчымасць выезду на вуліцу ёсць, падʼезд абсталяваны металёвымі пандусамі, лесвічныя пралёты першых паверхаў абсталяваны драўлянымі адкіднымі пандусамі”.

Анжэла на гэтым не спынілася і звярнуліся па дапамогу да журналістаў “Белсату”.



Пасля сюжэту на нашым канале справа, здаецца, зрушыла з мёртвай кропкі. Прынамсі цяпер гарадскія ўлады не адмахваюцца ад праблемаў інвалідаў. 16 лістапада іх запрасілі на сустрэчу з намеснікам старшыні берасцейскага аблвыканкаму Віктарам Сакоўскім. Чыноўнік запэўніў, што ў доме будзе ўсталяваны пад’ёмнік.

Аднак журналістаў на сустрэчу з чыноўнікамі не пусцілі. Начальнік адзелу па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў аблвыканкаму Вольга Верабей заявіла, што сустрэча «мае асабістых характар» і пакінула за дзвярыма незалежных журналістаў Максіма Хлябца (кіраўніка берасцейскай філіі БАЖ), Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву.

Вазочнікі цяпер чакаюць пісьмовага адказу па выніках сустрэчы.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў