Інваліды-вазочнікі і Свабодны тэатр ідуць па Менску навобмацак

photo

У Менску працягваецца супольная акцыя студэнтаў студыі «Форцінбрас» і людзей з абмежаванымі магчымасцямі з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці і ўладаў да праблемаў інвалідаў.

Акторы Свабоднага тэатру і інваліды-вазочнікі распачалі шэраг сваіх акцыяў у беларускай сталіцы ў чацвер: людзі ў вазках на некалькі хвілінаў перакрылі ўчора праспект Пераможцаў.
Сёння акторы СТ адлюстравалі штодзённыя клопаты сляпых: акторы ў тэатральных масках з завязанымі вачыма паспрабавалі прайсці па Менску ў поўнай цемры. Пасля адбыўся супольны заезд людзей з абмежаванымі магчымасцямі і актораў СТ на вазках па «перасечанай прасторы» – ходніках з высокімі бардзюрамі ды непрыстасаваных падземных пераходах, якія ў шматлікіх месцах у Менску замяняюць наземную «зебру». Глядзіце наш фотарэпартаж.

Мэты сваіх перформансаў і акцый удзельнікі Беларускага Свабоднага тэатру тлумачаць так:

«Мы, студэнты «Форцінбрас», верым, што мы ўсе розныя, але ўсе мы маем права на даступную прастору вакол нас. Мы не манекены. Чаму людзі з дадатковымі патрэбамі не могуць быць актыўнымі ўдзельнікамі ў грамадскім і культурным жыцці гораду? Хіба святы – не для ўсіх?»

«На вуліцах нашага гораду рэдка сустрэнеш чалавека ў інвалідным вазку. Замежнікі, якія наведваюць сталіцу, нярэдка кажуць пра машыну часу – сапраўды, часам здаецца, што мы знаходзімся ў пасляваенным Савецкім Саюзе, калі людзей, якія сталі інвалідамі ў выніку Другой сусветнай вайны, вывозілі за межы сталіцы, ствараючы стэрыльную прастору з «правільнымі» людзьмі».

Супольнымі з інвалідамі акцыямі акторы паспрыяць спыненню ізаляцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ад усяго грамадства.

ДД, belsat.eu; фота: УГ

Глядзі таксама
Каментары