Інтэрнэт-карыстальнікі «назаўсёды зачынілі» Раскамнагляд у Google Maps


Інфармацыя пра Раскамнагляд у Google Maps

Расейскія інтэрнэт-карыстальнікі зладзілі атаку на сэрвіс Google Maps з мэтай змяніць інфармацыю пра Раскамнагляд.

Ім удалося перайменаваць галоўны будынак на Кітайгародскім праездзе ў Маскве ў «Роскомпозор». Замест гадзінаў працы яны ўказалі: «Зачынена назаўсёды».

Акрамя таго падчас атакі ў ноч на 20 красавіка карыстальнікі змянілі катэгорыю ўстановы – на «гей-бар» і «псіханеўралагічны дыспансер». У пятніцу раніцай у картачцы Раскамнагляду зноў была пазначаная катэгорыя «Дзяржаўная ўстанова».

Карыстальнікі таксама пакінулі Раскамнагляду дзясяткі негатыўных водгукаў, з-за чаго ягоны рэйтынг знізіўся да 1,2 з 5. У раздзел з фотаздымкамі, зробленымі ва ўстанове, яны загрузілі калажы з людзьмі, падобнымі на тэрарыстаў, якія пазуюць на фоне сцяга з лагатыпам мэсэнджара «Telegram».

Хутчэй за ўсё, атака карыстальнікаў звязаная са спробамі Раскамнагляду заблакаваць «Telegram». Яны прывялі да блакавання мільёнаў IP-адрасоў найбуйнейшых хостынг-правайдэраў і праблемаў у працы сайтаў і сэрвісаў, не звязаных з мэсэнджарам Паўла Дурава. «Telegram» пры гэтым працуе ў большасці расейскіх карыстальнікаў без VPN і проксі.

Масавыя блакаванні IP-адрасоў Раскамнагляд пачаў 16 красавіка.

Кіраўнік Раскамнагляду Аляксандр Жараў заявіў, што да канца году ў Расеі можа паўстаць пытанне пра блакаванне сацыяльнай сеткі «Facebook».

НМ, belsat.eu, паводле Meduza

Стужка навінаў