Ініцыятары By_help адказалі на абвінавачванні ў тым, што не дапамагаюць пакрыць штрафы Вользе Нікалайчык


У актывісткі назапасілася $ 9 тысяч долараў неаплачаных штрафаў за акцыі пратэстаў 2015-2016 гадоў. Першапачаткова Вольга Нікалайчык свядома адмаўлялася плаціць штрафы. Цяпер яна мусіць да 6 траўня аплаціць частку ($ 450) штрафу, у адваротным выпадку ў яе канфіскуюць маёмасць.

Сама Вольга Нікалайчык па дапамогу не звярталася, але ў сацыяльных сетках пачалі пісаць пра «незразумелае» размеркаванне сродкаў. У прыватнасці, ініцыятывы By_help.

Адзін са стваральнікаў кампаніі Андрэй Стрыжак адказаў на прэтэнзіі пра тое, што By_help выдзяляе грошы выбіральна і не хоча аплаціць штрафы Вольгі Нікалайчык.

Паводле актывіста, кампанія, якая ўтварылася ў сакавіку, і дапамагае рэпрэсаваным падчас акцый пратэстаў недармаедаў і семʼям фігурантаў справы «баевікоў», за амаль два месяцы свайго існавання сабрала каля $ 52 тысяч. Большую частку гэтых сродкаў ужо выдаткавалі. Цяпер у By_help засталося $ 6 тысяч. Дапамогі чакаюць яшчэ каля 30 семʼяў.

«Аддаць гэтыя грошы Вользе ці не – гэта не пытанне выбару, гэта пытанне прытрымлівання правілам і абавязацельствам, якія мы як кампанія ўзялі на сябе на пачатку сваёй дзейнасці: мы збіраем грошы на дапамогу тым, хто пацярпеў вясной-2017 (адміністрацыйны і крымінальны пераслед). Мы абʼяўлялі збор менавіта на гэтыя мэты».

Усе намаганні кампаніі цяпер засяроджаныя на кампенсацыі штрафаў Вясны-2017 (да прыкладу, толькі ў Гомлі гэта 12 асобаў, і агульная сума штрафаў – 2300 еўра).

Андрэй Стрыжак падкрэсліў, што кампанія будзе шукаць магчымасці для аказання дапамогі Вользе Нікалайчык.

«Мы маем дачыненні з вялікай колькасцю арганізацыяў, якія маглі б дапамагчы. Гэтая дапамога – таксама іх добраахвотная справа, роўна як і нашыя намаганні. У кампаніі By_help – усе валанцёры. Сапраўды гэтак жа кожны можа стварыць сваю кампанію дапамогі і абвясціць збор сродкаў», – падсумаваў ён.

ДР belsat.eu 

Стужка навінаў