Ініцыятыўныя групы Калякіна і Гайдукевіча падалі дакументы ў ЦВК


Сёння ў Цэнтрвыбаркам падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты Сяргея Калякіна – старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і Сяргея Гайдукевіча – старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Напярэдадні ў ЦВК паступілі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі ЦВК, ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі ўзначальвае старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. У яе ўвайшлі каля 10,5 тысячы асобаў.

Групу Сяргея Калякіна ўзначаліў намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў, у яе ўваходзяць 1 513 асобаў.

Ініцыятыўнай групай Сяргея Гайдукевіча кіруе Анатоль Хішчанка, намеснік старшыні ЛДП, у склад групы ўвайшлі 2,5 тысячы асобаў.

Такім чынам, на гэты момант у ЦВК паступілі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп трох прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

Агулам на сёння аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях заявілі дзевяць чалавек: акрамя Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча гэта:

Анатоль Лябедзька – старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі;

Таццяна Караткевіч – актывістка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якая плануе вылучацца ад кааліцыі «Народны рэферэндум»;

Юрый Радзькоў – дырэктар кампаніі «Цар-мёд», аўтар міжнароднага праекта «Свет мёду і здароўя»;

Уладзіслаў Цітовіч – гендырэктар кампаніі Veduus, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на выбарах 2012 года;

Віктар Цярэшчанка – эканаміст, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года;

Юрый Шульган – беспрацоўны, якога падтрымлівае Беларуская партыя «Зялёныя».

Акрамя таго, прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур стварылі адзіны аргкамітэт па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітзняволенага Мікалая Статкевіча.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка. Апошні дзень падачы ў ЦВК дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты – 17 ліпеня.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары