Ініцыятыўная група экс-кандыдата на прэзідэнта Міколы Статкевіча працягвае сваю дзейнасць


Насуперак адмове Цэнтрвыбаркаму ў рэгістрацыі ініцыятыўная група экс-кандыдата на прэзідэнта Міколы Статкевіча працягвае сваю дзейнасць. Ад імя палітвязня аргкамітэт падзякаваў больш як тысячы сямістам асобам, якія ў яе ўвайшлі, ды заявіў пра намер абскардзіць пастанову ЦВК у Вярхоўным судзе.

ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СЯБРА АРГКАМІТЭТУ ЗА ВЫЛУЧЭННЕ СТАТКЕВІЧА:

«Незаконнасць у тым, што кандыдат у прэзідэнты ні за што сядзіць з мінулых выбараў 5 гадоў у турме. Незаконнасць у тым, што не зарэгістравалі ягоную ініцыятыўную групу, якая складзена з усімі патрабаваннямі закону. Незаконнасць у тым, што ў выбарах на поўных правах удзельнічае толькі адзін кандыдат – гэта Лукашэнка».

На справядлівую пастанову Вярхоўнага суда каманда Статкевіча не спадзяецца, але перакананая, што падаваць скаргу варта…

«Для гісторыі, для міжнароднай супольнасці, і што яшчэ больш важна, для таго, каб давесці, што гэтыя выбары несапраўдныя і незаконныя, вось гэта будзе аргумент».

Тым больш, што сёлетняя выбарчая кампанія з’яўляецца своеасаблівым працягам мінулых выбараў і рэпрэсіяў пасля, адзначае аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ, АГЛЯДАЛЬНІК РАДЫЁ «СВАБОДА»:

«Сімвалам гэтага з’яўляецца Мікалай Статкевіч – кандыдат на прэзідэнта ў 2010-м годзе, які дагэтуль знаходзіцца за кратамі. І ўся гэтая атмасфера, як і факт, што Мікола па-ранейшаму за кратамі непасрэдным чынам уплывае на гэтую кампанію і фармуе парадак дня».

І можа ў пэўным сэнсе паўплываць на рэгістрацыю кандыдатаў. На меркаванне Цыганкова, пастанова ўладаў будзе вызначацца лозунгамі і паводзінамі прэтэндэнтаў падчас збору подпісаў.

ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ, АГЛЯДАЛЬНІК РАДЫЁ «СВАБОДА»:

«Зараз агульнае меркаванне, што найбольшыя шанцы быць зрэзаным мае Анатоль Лябедзька – самы прынцыповы і бескампрамісны крытык Аляксандра Лукашэнкі».

Зрэшты, калі меркаваць з мінулай кампаніі, адмова ў рэгістрацыі – самае малое, што можа чакаць патэнцыйных кандыдатаў. Беспрынцыповы і бескампрамісны крытык уладаў Мікалай Статкевіч ужо пяты год застаецца за кратамі.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары