Беларускі парадокс: «інфляцыі няма», а кошты – растуць


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=xoGgC__sn2c”][vc_column_text]Беларуская інфляцыя – пакуль лічба двухзначная. Прынамсі з пачатку года – паказнік росту коштаў склаў больш як 10 %. Пры гэтым у кастрычніку інфляцыя была меншая за адсотак. Улады абяцаюць далейшае скарачэнне, аднак адмыслоўцы папярэджваюць, што ўсё мае свой кошт.

Эксперты звязваюць апошняе запавольванне тэмпаў інфляцыі перадусім з выбарамі. Каб улашчыць выбарцаў, урад урэгуляваў цэны на сацыяльна значныя тавары, адзначае эканамічны аглядальнік Уладзімір Арцюгін.

УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, ЧАСОПІС «ВАЛЮТНОЕ РЕГУЛИРОВАНИЕ И ВЭД»:

«Яна напярэдадні выбараў іх прытрымала, скарэктавала нават можа ў бок паніжэння, а цэны на прадукты харчавання, на прамысловыя тавары як раслі гэтак і растуць».

Што, зрэшты, пацвярджаюць і апытаныя намі мінакі на вуліцах Берасця. Пытанне пра запавольванне росту цэнаў выклікала ў іх пераважна смех.

«Запаволіўся рост цэнаў? Не!».
«Не ведаю, наадварот падаражэла. Як дзіця ў школу збіраць, дык цэны значна вышэйшыя, чымся летась».
«На харчы, на ўсё. А заробак стаіць на месцы».

Афіцыйная статыстыка, аднак, сцвярджае, што ў кастрычніку харчы падаражэлі толькі на паўтара адсотка, нехарчовыя тавары – на менш за адсотак, а тарыфы на паслугі наагул патаннелі.

Налета ж мае быць яшчэ лепей. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, скарачэнне інфляцыі стане галоўным прыярытэтам.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Лепей хай яна будзе адназнакавая. Тады ўжо людзі зразумеюць, што і ў наступным годзе ў нас інфляцыя будзе зніжаная. Нават калі цяжка будзе з бюджэтам».

А гэта значыць, што ўрад гатовы скараціць уласныя выдаткі, тлумачаць эканамісты. Праўда, такую гатовасць яны звязваюць зусім не з клопатам пра народ, а з жаданнем атрымаць чарговыя пазыкі. Бо нізкая інфляцыя – гэта адно з асноўных патрабаванняў міжнародных крэдытораў, якое ўрад выканае нават коштам дабрабыту насельніцтва.

УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, ЧАСОПІС «ВАЛЮТНОЕ РЕГУЛИРОВАНИЕ И ВЭД»:

«Прыбыткі насельніцтва расці не будуць, у прадпрыемстваў будуць праблемы з фінансаваннем, а для эканомікі гэта азначае адсутнасць росту. Пры гэтым будзе вонкава ўтрымлівацца нізкая інфляцыя».

Якая, між іншага, неабходная і для дэнамінацыі, якую ўлады абвесцілі на ліпень наступнага года.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў