«Інфляцыйны вал» можа абрынуць заробкі на 20 % яшчэ да выбараў

video

Упершыню за год не толькі рэальныя даходы, але нават намінальныя знізіліся. Засталіся толькі мары пра абяцаныя як тысячу, гэтак і пяцьсот долараў. І эканамісты не супакойваюць. Гэта толькі пачатак больш сурёзных праблемаў.

Да 15-га года мы мусім наблізіць памеры заробку да тысячы долараў у эквіваленце. На момант гэтага выказвання – у часе Усебеларускага з’езду ў снежні 2010 года – сярэдні заробак па краіне складаў $ 472 долары. Сёлета ў жніўні, паводле сённяшніх звестак Белстату, – на 20 % менш. Праўда, інфляцыя ў летнія месяцы была даволі нізкая, таму зніжэнне заробкаў беларусы пакуль адчулі не ў поўнай ступені.

«Рэальныя даходы насельніцтва знізіліся амаль на 5 %. І яны асабліва рэзка зніжаюцца цяпер, вось літаральна ў ліпені, жніўні, ну, вы ведаеце, шмат якія буйныя заводы не маюць збыту», – заўважае эканаміст Леанід Злотнікаў.

У апошнія месяцы лета на выплаты заробкаў урад выдаў заводам $ 860 млн долараў, пазычаных праз выпуск аблігацыяў. Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, запуск у эканоміку такой вялізнай сумы грошай, незабяспечаных вытворчасцю, надзьмула ў эканоміцы пухір, што мае покнуць найбліжэйшым часам.

«Мы бачым, што, сапраўды, інфляцыя наспявае. Яна скажацца пасля выбараў. Кошты на гуртавым рынку павялічыліся за 7 месяцаў на 129 % а кошты раздробнага рынку – толькі на 107 %. Так не бывае. Доўга не ўтрымаеш такую вілку, раздробныя кошты выраўнуюцца з гуртавымі. Таму навіс такі інфляцыйны вал», – працягвае Леанід Злотнікаў.

Іншымі словамі, названы інфляцыйны вал пагражае абрынуць рэальныя даходы насельніцтва пасля выбараў яшчэ на 20 %. Сыходзячы з досведу, урад, верагодна, паспрабуе затрымаць гэты працэс яшчэ на некалькі месяцаў – у чаканні чарговага сусветнага катаклізму, каб ускласці адказнасць за падзенне даходаў на яго.

Адмыслоўцы падсумоўваюць – як і пяць гадоў таму, падзенне рэальных даходаў насельніцтва ўтрымліваецца ўрадам з апошніх сілаў да выбараў. Пасля галасавання, як у 2011 годзе, чакаецца іх рэзкае падзенне – да ўзроўню года 2006-га. Гэты парог сярэдняга заробку – $ 300 долараў на месяц – існая эканамічная мадэль за час свайго існавання перакрочвала толькі на некалькі гадоў, пасля чаго кожны раз абвальвала яго назад.

Глядзі таксама
Каментары