Іна Кулей: Увага ўладаў да Праграмы Каліноўскага сцішылася, гэта поспех


Старшыня Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей у «Гарачым каментары» падвяла вынікі 10-годдзе Праграмы Каліноўскага.

Роўна дзесяць гадоў таму ў Польшчы на найвышэйшым узроўні была зацверджаная праграма падтрымання беларускага студэнцтва, якой надалі імя легендарнага правадыра паўстанцаў. Праграма імя Кастуся Каліноўскага сталася адказам на рэпрэсіі, распачатыя рэжымам Лукашэнкі супраць моладзі, якая змагалася з ягонай антыбеларускай і антыдэмакратычнай палітыкай. За гэтыя 10 гадоў «каліноўцамі» сталіся амаль тысяча чалавек.

Іна Кулей: Калі будзем гаварыць лічбамі, то гэта больш за 900 чалавек, якія прайшлі праз праграму. Гэта недзе 270 магістрантаў, якія маюць адмысловыя дыпломы, гэта больш за 20 дактарантаў. Гэта тыя, хто прайшоў праз «post-graduation» (паслядыпломная адукацыя), атрымаў новыя кваліфікацыі.

А калі гаварыць не лічбамі, а па-чалавечаму, то гэта проста новыя людзі, новая беларуская эліта, як мы спадзяемся. Таму што нават тыя, хто сёння яшчэ не вярнуўся на радзіму, гэта патэнцыял, які абавязкова будзе выкарыстаны.

«Белсат»: Ну вось наконт лічбаў і як раз тых, хто вярнуўся і не вярнуўся. Бо мы беларусы звычайна любім адзін аднаму закідваць штосьці… Давайце адразу высветлім: колькі людзей вяртаецца, а колькі не вяртаецца. Давайце паставім у гэтым кропку.

Іна Кулей: Кропку цяжка паставіць, таму што людзі вандруюць па свеце: сёння ён прыехаў, а заўтра зʼязджае. Але я хачу сказаць, што я стаўлюся да гэтага вельмі спакойна. Сёння свет адкрыты, і таму гаварыць пра тое, што чалавек мусіць увесь час праводзіць у Беларусі, не варта. Мне здаецца, што набываць нейкія новыя кваліфікацыі, самарэалізоўвацца і гэтак далей можна па ўсім свеце. Можна вандраваць, але сэрцам быць у Беларусі нават для тых, хто сёння не знаходзіцца ўнутры краіны.

«Белсат»: То бок пэўным такім падсумаваннем для 10-годдзя Праграмы Каліноўскага стала адкрыццё для амаль тысячы маладых беларусаў цэлага свету. Ці можам так сказаць?

Іна Кулей: Гэта абсалютная праўда. Гэта людзі свету і людзі для Беларусі, я так думаю.

«Белсат»: Спадарыня Іна, вернемся да пачатку праграмы. Яна зʼявілася ў 2006 годзе пасля Плошчы Каліноўскага і сталася такім адказам на рэпрэсіі, якія былі да гэтага і пагроза якіх была адразу пасля Плошчы. Часы змяніліся. Нават рэпрэсіяў стала альбо значна менш, альбо яны ўвогуле спыніліся. Ці змянілася сама праграма?

Іна Кулей: Маеце рацыю, рэпрэсіяў стала значна менш, але, як мы ведаем, пару месяцаў таму некалькі студэнтаў зноў за іх пратэсты выключылі з універсітэтаў.

Таму гаварыць пра тое, што зусім няма рэпрэсіяў, нельга. Але зменшыліся. У нас ёсць акрамя людзей, якія самі рэпрэсаваныя, тыя, хто паходзяць з рэпрэсаваных семʼяў. А такіх семʼяў вельмі шмат.

Мы ведаем, што рэпрэсіі пераважна тычацца людзей актыўных у рэгіёнах. Гэта людзі, якія пазбаўляюцца працы, якіх таксама саджаюць на содні і дагэтуль за іхную актыўнасць. І вось рашэннем польскага ўраду, і па нашай прапанове, беларускай, такія людзі, такія дзеці таксама могуць мець магчымасць удзельнічаць у гэтай праграме.

«Белсат»: То бок, можна сказаць, бароніць цэлыя семʼі і ўсіх сваякоў? Адпаведна не тысяча чалавек, а некалькі тысячаў чалавек зазналі ўплыў вашай праграмы?

Іна Кулей: Гэта безумоўна. Думаю, яна не тое, што бароніць семʼі і людзей. Яна проста людзям, якія знаходзяцца ў беларускім «чорным спісе», якія пры сённяшняй уладзе не могуць атрымаць адукацыю, напрыклад, журналіста – бо трэба для гэтага прайсці суразмоўе – дае магчымасць проста атрымаць еўрапейскі дыплом. І мець вышэйшую адукацыю, чым сённяшняя ідэалагізаваная кваліфікацыя ў Беларусі.

«Белсат»: Яшчэ наконт адносінаў уладаў Беларусі да вашай праграмы. Мы ўсе цудоўна памятаем пасквілі, шматлікія рэпартажы напачатку зʼяўлення Праграмы Каліноўскага. Ці зараз ёсць нейкая ўвага ад уладаў, ці змянілася яна?

Іна Кулей: Калі параўноўваць першыя гады і сённяшнія, канешне, можна сказаць, што тады было вельмі цяжка з наборамі, з пошукамі людзей, з атрыманнем дакументаў. Улады лічылі гэтую праграму вельмі небяспечнай. Яна як бы пазбаўляе маладых людзей страху. Яны не баяцца быць актыўнымі, бо ведаюць, што маюць салідарнасць з польскага боку і могуць паехаць працягнуць сваю вучобу.

Цяпер на самой справе ўсё сцішылася, але б я не сказала, што гэта з таго, што ўлада стала настолькі памяркоўнай і прыемнай. Я думаю, гэта акурат поспех праграмы, гэта тое, што маладыя людзі ведаюць, што яны не застануцца самі са сваёй праблемай.

Што ёсць такая Праграма Каліноўскага, што можна працягнуць навучанне. Таму яны больш смела выходзяць на акцыі пратэсту і ўвогуле выказваюць сваю думку.

Стужка навінаў