Іна Кулей: Праграму Каліноўскага скарацілі, не патлумачыўшы – як і чаму


Падзяліцца Міністэрства замежных спраў Польшчы абмежавала сёлетні набор на праграму Кастуся Каліноўскага. Нягледзячы на амаль 50 заявак у межах стыпендыяльнай праграмы, сёлета на вучобу былі прынятыя толькі 25 чалавек.

Такое рашэнне тлумачыцца «змяншэннем рэпрэсіяў у Беларусі», адзначыў дырэктар праграмы, кіраўнік Інстытуту Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі.

«Гэта не ліквідацыя праграмы, часткова гэтыя месцы забраныя з праграмы Каліноўскага і перададзены ў іншыя праграмы, у тым ліку ў праграму імя Банаха. Напрыклад, частка навучэнцаў ліцэю Коласа, якія звычайна ішлі да мяне, атрымалі стыпендыі там. Гэта не зусім так, што адбылося ліквідаванне», – заўважыў Ян Маліцкі радыё «Рацыі».

«Ніхто нам дагэтуль не паведаміў пра змены парадку набору на ўдзел у праграме Кастуся Каліноўскага, – адзначыла старшыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць» Іна Кулей. – Гэтую інфармацыю Рада не атрымала ні ад амбасады, ні ад міністэрстваў, нават праз два месяцы пасля таго, як папрасіла тлумачэння, – усё роўна не атрымала. Вось гэта самае галоўнае. Праблема не ў тым, што штосьці зроблена польскім урадам. Яны абсалютна маюць на гэта права. Але нічога не было патлумачана, не сказана, што штосьці скарачаецца, штосьці перадаецца на Банаха, штосьці разбіраецца і разглядаецца не так».

8 верасня прадстаўнікі 7 праваабарончых арганізацыяў, якія ўваходзяць у Раду праваабаронцаў праграмы Каліноўскага, накіравалі лісты ў Польскае МЗС і міністэрства вышэйшай адукацыі з просьбай патлумачыць сітуацыю з сёлетнім наборам стыпендыятаў. Адказу на зварот з міністэрстваў дагэтуль не паступіў. 19 сёлетніх стыпендыятаў праграмы Каліноўскага невядомыя беларускім праваабаронцам. Сёлета Рада беларускіх праваабаронцаў, у якую ўваходзяць 7 арганізацыяў, дала пазітыўную ацэнку ў якасці кандыдатаў стыпендыяльнай праграмы 35-ці асобам. З іх экзаменацыйная камісія адабрала толькі 6.

Менавіта польская экзаменацыйная камісія прымае канчатковае рашэнне, каго прыняць на вучобу, кажа дырэктар праграмы Ян Маліцкі. Найважнейшы крытэр – вынікі экзаменаў.

«Калі на вучобу па праграме Каліноўскага прымаюць стыпендыятаў, якія не атрымалі станоўчай ацэнкі Рады беларускіх праваабарончых арганізацыяў, такая праграма становіцца фікцыяй», – кажа Марэк Буцько з польскага фонду «Свабода і дэмакратыя».

Стыпендыя імя Кастуся Каліноўскага была заснаваная ў 2006 годзе ў якасці праграмы падтрымання для беларускіх студэнтаў, якія страцілі ці не змаглі працягваць вучобу на Радзіме праз палітычныя перакананні. У 2006 годзе стыпендыю атрымалі 244 грамадзяне Беларусі, пазней колькасць стыпендыятаў скарачалася. У 2009 годзе стыпендыю атрымалі, да прыкладу, толькі 20 чалавек.

МЯ, паводле racyja.com

Стужка навінаў