Імя беларускага актывіста дало назву працэдуры ў ААН


Камітэт ААН па правах чалавека выкарыстоўвае пры разглядзе спраў «формулу Палякова» – грамадскага актывіста з Гомля. У чым яе сутнасць?

У адным з пастаноў Камітэту ААН па правах чалавека, якую атрымаў Гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы, зафіксаваны прэцэдэнт: імя гомельскага грамадскага актывіста Васіля Палякова стала назвай цэлай працэдуры разгляду, падае «Deutsche Welle».

«Формулу Палякова» ўжылі пры разглядзе скаргі кіраўніка гомельскага Цэнтру стратэгічнай цяжбы Леаніда Судаленкі на Ашмянскую мытню, якая канфіскавала інструкцыі для назіральнікаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што правы грамадзянаў былі парушаныя. Пры гэтым большасць чальцоў Камітэту ў сваёй аргументацыі выкарыстала «формулу Палякова», не патрабуючы ад уладаў Беларусі прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, зазначыў у афіцыйным тэксце рашэння прадстаўнік Камітэту Джэралд Л. Ньюмэн (Gerald L. Neuman).

Спрэчкі сярод чальцоў Камітэту ААН па правах чалавека выклікаў пункт 2 артыкулу 2 Міжнароднага пакту, у якім гаворка ідзе пра абавязкі краін прымаць захады, неабходныя для абароны правоў чалавека. Ён загадвае змяняць любы закон у краіне, калі ён супярэчыць пакту.

Летась пры разглядзе адной са скаргаў актывіста з Гомля Васіля Палякова на ўлады, якія забаранілі дэманстрацыю, Камітэт прызнаў парушэнне ягонага права на свабоду сходаў, але не выказаўся аб парушэнні пункту 2.2 Міжнароднага пакту.

Экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў са шкадаваннем канстатуе, што Камітэт ААН па правах чалавека, выкарыстоўваючы «формулу Палякова», свядома не хоча акцэнтаваць увагу на абавязках краін па змяненні заканадаўства. «Камітэт ААН знаходзіць дыпламатычныя падыходы ў фармулёўках, але трэба быць прынцыповым», – лічыць Міхаіл Пастухоў.

Каб змяніць сітуацыю, грамадзянам, якія падавалі скаргі ў ААН, трэба аб’ядноўвацца, лічыць ён, і настойваць у Камітэце ААН і ў Радзе ААН па правах чалавека на абавязковым выкананні краінамі сваіх абавязкаў.

На сёння Камітэт ААН па правах чалавека вынес больш за 90 рашэнняў па Беларусі, аднак ніводнае з іх улады Беларусі не выканалі.

Улады лічаць, што пастановы носяць рэкамендацыйны характар, але гэта няпраўда, кажа Міхаіл Пастухоў. Паводле яго, рана ці позна ўсё патрабаванні мусяць быць выкананыя.

МЯ, паводле dw.de

Глядзі таксама
Каментары