«Імбрык каляхуе? Выбачайце, што і каля чаго?»


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Нават на расейскіх форумах інтэрнаўты спрабуюць даведацца, што значыць беларускае слова «каляхуе»? А ці з дапамогаю «імбрыка» атрымаецца зацікавіць некага беларушчынаю?

Пераклаўшы расейскі выраз «чайник кипит» як «імбрык каляхуе», суполка «Я ♡ беларускую мову» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» заахвочвае размаўляць па-беларуску. «Што і каля чаго?» – каментуюць інтэрнаўты пераклад. «Што такое «каляхуе»? – пытаюцца яны на разнастайных форумах.

Ці «імбрык каляхуе» – гэта добрая рэклама беларускае мовы?

Слова «імбрык»даволі папулярнае сярод беларусаў. Знаходзім яго ў «Вікіпэдыі»: «Імбрык (чайнік, гарбатнік) – невялічкая кухонная прылада для гатаваньня вады ў мэтах прыгатаваньня гарбаты ці іншых гарачых напояў». Адная з інтэрнэт-крамаў, што прадае кнігі на беларускай мове, альбомы беларускіх спевакоў ды інш., гэтак і называецца – «Imbryk.by» – і мае ў сваім лагатыпе электрачайнік.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Мовазнаўца Зміцер Саўка падкрэсліў, што слова «імбрык» мае турэцкае паходжанне, але за стагоддзі выкарыстання адваявала сабе пэўную прастору і замацаванае ў мастацкіх тэкстах.

«Для мяне гэтае слова напоўніцу з’явілася напачатку 80-х гадоў. У Заслаўі быў краязнаўчы музей, які месціўся ў будынку кальвінскага збору, які цяпер перадалі пад праваслаўную царкву. Пад гэтымі старажытнымі скляпеннямі быў выстаўлены імбрык – гэта аграмадная мядзяная пасудзіна з доўгім носікам і выключна тонкай работы. Вось тады для мяне ўзнік гэты «імбрык» – тое, у чым грэюць ваду, ужо няважна, на каву ці на гарбату», – заўважыў лінгвіст. На ягоную думку, слова «імбрык» варта пашыраць і выкарыстоўваць у побыце.

Мовазнаўца і блогер Віталь Станішэўскі заўважыў, што слова «імбрык (імбрычак)» зафіксаванае ў слоўніках у сэнсе пасудзіны для настойвання заваркі, мацунку. Паводле яго, называць «імбрыкам» ёмістасць для гатавання – памылка.

«Была магчымасць раздзяліць паняцці, а некаторыя зноў адно слова хочуць навязаць для абодвух прадметаў. Імбрык кіпець не можа, карацей. А з чайнікам дакладна не памыліцеся», – раіць адмыслоўца.

Што значыць «каляхуе»?

Слова «каляхаваць» у значэнні «кіпець» зафіксаванае аднак у Слоўніку гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі і азначае «кіпець». Да прыкладу, у Пухавіцкім раёне кажуць: «Бульба ўжо даўно каляхуе, бурболкі якія вялікія. Зняць трэба яе». Мовазнаўца Зміцер Саўка мяркуе, што «каляхаваць» утварылася з гукапераймання: людзі перанеслі ў мову гукі клекатання вады падчас кіпення.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

А ці варта гэтае слова ўжываць?

«Каляхуе (калахуе) – выдатнае нашае слова. Аднак з прычыны сугучча з іншым словам перспектывы яго шырокага выкарыстання выглядаюць прывіднымі», – мяркуе спадар Саўка.

«Рызыкоўна ўжываць гэтае слова. У школе дык кпілі з яго», – адзначыў мовазнаўца Віталь Станішэўскі.

Вузкія дыялектызмы не варта вылучаць і пашыраць, а бескантрольнае захапленне арыгінальнасцю нясе перакос ды разбурае мову, мяркуе адмыслоўца. «Экзатычныя і рэдкія словы з розных часоў і розных вёсак – гэта толькі мазаіка. Мова – гэта сродак зносін. І толькі таму, што на адпаведнай тэрыторыі пэўныя словы былі агульныя і паўтараліся, гэта і стварала пэўнае адзінства, агульны сродак зносін», – заўважыў спадар Станішэўскі.

«Варта разумець, што ў мове ёсць ядро, а ёсць перыферыі. Варта гэта шанаваць. Ёсць базавы ўзровень, а ёсць вышэйшы. І базавы ўзровень павінен быць па-за крытыкаю. Калі нехта ведае больш, чэсць і хвала, але хай будзе ганьбай яму, калі ён будзе круціць нос і лаяць таго, хто ведае мову толькі на базавым узроўні – бо ён ваюе з моваю», – выказаўся спадар Станішэўскі. Паводле яго, спазнаванне беларускай мовы мусіць ісці ад простага да складанага і зусім неадэкватна, калі на моўных навічкоў «выліваюць тое, што мусіла б быць вянцом навучання – самае захапляльнае, самае вострае, самае ўражальнае».

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

А ці знойдзе месца слова «каляхуе» ў паэзіі?

«Як на мяне, гучыць не вельмі мілагучна і асацыяцыі выклікае павярхоўныя, – дзеліцца паэтка і тэлевядоўца Валярына Кустава. – Але я заўжды з павагаю ставілася да рэгіяналізмаў. Мая бабуля, прыкладам, каляндар называла «чысленнік», а вешалку – «пачопка». Так мы ў сям’і і кажам ды сяброў сваіх вучым. Маўленчая прырода сама пакіне, чаму лёс прыжыцца ў мове».

А як на густ расейскамоўнага беларуса?

«Я вельмі люблю беларускую мову і шкадую, што на ёй не размаўляю. Я спрабавала, але вакол расейскамоўнае асяроддзе, і ў мяне не хапіла настойлівасці, – прызналася мастачка Ніка Сандрас. – «Каляхуе» рэжа мне слых. Не тое, каб нейкія асацыяцыі ўзнікалі, але дакладна я б не зразумела, што яно значыць. Мне б падалося, што размоўца проста вылаяўся матам. Надта ж тут яскравае спалучэнне літараў».

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

Ці «каляхуе» можа троліць і быць іроніяй?

Віталь Станішэўскі не лічыць патрэбным правакаваць некага, публічна ўжываючы слова «каляхаваць». «Якраз вось беларусаў ім і троляць, побач з вядомым «за дротам», – падкрэсліў мовазнаўца.

У асяроддзі беларускамоўных, мяркуе адмыслоўца, слова можа быць праяваю пэўнай іроніі. «Напрыклад, калі расейцы жартуюць са словамі «Нас рать», іх гэта не раніць, бо яны ўнутры свайго кола. Я дапускаю, што тыя, хто заўжды жыве з беларускаю моваю ці даволі доўга, могуць праявіць самаіронію. А вось тыя, якія вяртаюцца ў беларушчыну з расейскай, яны балюча на такое рэагуюць. У іх мадэль параўнання працуе», – зазначае знаўца.

Як рэагаваць, калі смяюцца з мовы?

Пакуль жа расейскамоўны інтэрнэт аж кішэе жартамі тыпу: «бульба каляхуе – гэта бульба спераду ў трусах». «Трэба іх ігнараваць. Яны выстаўляюць напаказ сваё невуцтва», – мяркуе Зміцер Саўка. Віталь Станішэўскі раіць запытацца ў «жартаўнікоў», як бы яны пераклалі на расейскую «я юшку ела» альбо «я пераканаю і перамагу». «Убедю? Победю?» – пытае ён. «Калі ж гаворка ідзе пра беларусаў, што карыстаюцца расейскаю моваю, то варта ціснуць на сумленне», – перакананы адмыслоўца.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў