Выняцце багаслоўскае літаратуры ў Беларусі робіцца, як і ў Расеі, рэгулярнаю практыкай.
Цягам вясны ў Горадні прайшлі вобшукі і канфіскацыі мусульманскай літаратуры – прычым як у асобных вернікаў, гэтак і ў гарадской мячэці на вул. Карла Маркса. Паводле сведкаў, працаўнікі МУС прыходзілі са сваймі спісамі «забароненых кнігаў» ды перабіралі кніжныя паліцы, забіраючы тое, што ім «падалося падазроным». Такія выпадкі ўжо былі ў Менску, Магілёве ды іншых гарадах.
Як тлумачыць гарадзенскі імам (рэлігійны лідар грамады мусульманаў) Рафаіль Рэзяпаў, канфіскацыя літаратуры ў Беларусі – тэндэнцыя апошніх гадоў, якая прыйшла сюды з Расеі:
«Усе гэтыя гісторыі з канфіскацыяй літаратуры трэба бачыць у плоскасці барацьбы з ісламам, якая пачалася яшчэ ў Расеі ў ельцынскі перыяд і працягваецца цяпер, – тлумачыць спадар Рэзяпаў, – Беларусь у гэтым пытанні, на жаль, ідзе ў фарватары Расеі. Раней такога ў Беларусі не было. Цяпер, мабыць, некаму настолькі патрэбныя прэміі ды «зорачкі», што давялося і літаратурай займацца».
Якую літаратуры забіраюць? Фактычна гэта спрэс багаслоўскія кнігі з малітвамі ды тлумачэннямі Карана. Напрыклад, вядомы малітоўнік «Крэпасць мусульманіна», праца «На шляху да Карану» Эльміра Куліева, ісламазнаўцы і перакладчыка Карану, таксама працы арабскіх багасловаў – «Жыццёвы шлях прарока», «Асновы веры ў святле Карану і Сунны», «Апісанне малітвы прарока» і інш.
«Пра змест ніхто не задумваецца, галоўнае знайсці кнігі ў мусульманіна. Простая схема: калі затрымліваюць недзе ў Расеі сектанта-мусульманіна, то ўся знойдзеная ў яго літаратура завочна аб’вяшчаецца экстрэмісцкай. Гэтыя кнігі пасля могуць знаходзіць дзе заўгодна – хоць у саборнай мячэці Масквы – яны аўтаматычна лічацца экстрэмісцкімі», – працягвае спадар Рафаіль.
Імам тлумачыць, што на яго думку ідзе «мэтанакіраванае падаўленне ісламу». Людзі, якія робяць так звання экспертызы, пасля якіх літаратура прызнаецца экстрэмісцкай, да ісламу або якой-кольвек іншай рэлігіі наагул не маюць дачынення. Мусульманаў, незалежна ад статусу ці рэлігійнай адукацыі, на экспертныя камісіі не запрашаюць.
«Прабачце, любая рэлігія гэта прапаведуе. Тут не вядзецца пра тое, што толькі адна рэлігія мае права на жыццё, але пра тое, што калі ты верыш – то лічыш толькі сваю веру ісцінай. Інакш, гэта не рэлігія, а філасофія. За такой логікай можна забіраць усю рэлігійную літаратуру – хрысціянскую, мусульманскую, юдэйскую, уключна са Святым Пісаннем».
У пошуках спісу «экстрэмісцкай» літаратуры мы трапілі на старонкі «Савецкай Беларусі», дзе ў мінулым годзе быў апублікаваны «чорны спіс» забароненых кнігаў. Збольшага, гэта праварадыкальныя выданні, уключна з «Майн Кампф» Гітлера ды шавіністычная расейская літаратура ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва» з яскравым антысеміцкім акцэнтам. У спісе ёсць таксама восем мусульманскіх выданняў.
«Чорны спіс» не быў сфарманаы цэнтралізавана – гэта падборка рашэнняў раённых судоў Берасця, Бабруйску ды іншых гарадоў. Тут, дарэчы, можна знайсці і CD-дыскі – «Урок беларускай мовы», «Канцэрт салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве» або нават альбом «Прэс-фота Беларусі 2011». Ніякіх, прыкладам, сатанінскіх выданняў або радыкальна-камуністычных тут і блізка няма, што яшчэ раз сведчыць пра спантаннасць спісу.
Са словаў імама Рафаіля, гэта ўжо не першая спроба ціску на гарадзенскіх мусульманаў. Не так даўно ягонага сына, Іллю Рэзяпава, таксама імама, спрабавалі звінаваціць у… вярбоўцы ў тэрарысты.
«Мой сын вучыўся ў Медыне ў Міжнародным ісламскім універсітэце, – працягвае імам, – Да мяне дадому прыйшлі з пастановай пракурора, дзе было напісана, маўляў, сын незаконна прапаведуе і «займаецца вярбоўкай неафітаў для адпраўкі ў краіны, дзе навучаюць тэрарызму». Такім чынам, нашыя спецслужбы адкрыта абвінавачваюць каралеўства Саудаўская Аравія ў тым, што там навучаюць тэрарызму?»
Беларусь цяпер імкнецца ўступіць у Арганізацыю ісламскага супрацоўніцтва, адначасна даючы вядучым краінам гэтай арганізацыі падобныя ацэнкі. У якасці «вярбоўкі» трактаваліся звычайныя рэкамендацыі для навучання ў Саудаўскай Аравіі.
Выняцце літаратуры, паводле імама, могуць быць толькі пачаткам антыісламскай кампаніі ў Беларусі, улічваючы збліжэнне з Расеяй ды досвед Крыму.
«Тое, што адбываецца ў Крыме было прадказальным, – канстатуе імам, – Ёсць у матэматыцы такі тэрмін – інтэрпаляцыя, калі паводле папярэдніх кропак у графіку ты вызначаеш наступную. Там акурат гэтак і сталася – расейцы робяць тое, што ўжо раней рабілі ў Расеі. Адносна Беларусі – гэта пытанне часу, Расея павольна паглыне Беларусь. Калі так пойдзе, зразумела, што стан мусульманаў у Беларусі пагоршыцца».
АК, belsat.eu