Імам Рафаіль: Ад памяркоўных беларусаў ніякага негатыву мы не адчулі


У Беларусі жыве каля 120 тыс. мусульманаў. Ці змянілася стаўленне да беларускіх вызнаўцаў Мухамэда пасля пратэстаў у Заходняй Еўропе? Belsat.eu паразмаўляў з гарадзенскім імамам Рафаілем. Да гісторыі з «Charlie Hebdo» імам ставіцца крытычна, як і да тэрактаў 11 верасня 2001 года ў Нью-Ёрку, сумняваючыся ў рэальнасці «ісламскага следу».

Іслам у Горадні не мае такой даўняй традыцыі, як у Іўі. Гарадзенскія мусульмане – гэта перадусім туркмены, азербайджанцы, пакістанцы, якія вучацца альбо працуюць у горадзе. У абласным цэнтры налічваецца каля 1000 мусульманскіх вернікаў, але пры гэтым няма ніводнай мячэці – паслядоўнікі прарока Мухамэда не могуць дачакацца дазволу на будаўніцтва ад мясцовых чыноўнікаў. Пісалі нават прэзідэнту, але так і не атрымалі адказу.

«Так і молімся, то ў спартзале, то ў рэстаране, – распавядае імам Рафаіль Разяпаў. – Можаце сабе ўявіць, якія «водары» і абстаноўка на раніцу ў рэстаране, калі мы ў святочны дзень прыходзім туды маліцца? А нашы жанчыны наагул пазбаўленыя мажлівасці маліцца па пятніцах. У справах рэлігійных практыкаў, чыноўнікі даюць нам зразумець, што мы грамадзяне «другога сорту», якімі можна пагарджаць як статыстычнай памылкай».

Да расстрэлу журналістаў з часопісу «Charlie Hebdo» імам ставіцца крытычна, як і да тэрактаў 11 верасня, сумняваючыся, аднак, у рэальнасці «ісламскага следу»: «Хвала Усявышняму, нашыя мусульмане здабываюць веды з Карану і Суны, а не з інтэрнэту, тым больш мы не давяраем ангажаваным медыям. А тыя, хто вінаваціць мусульманаў, і тыя, хто бярэ на сябе адказнасць за падобныя дзеянні, хай спрабуюць патлумачыць шматлікія «нестыкоўкі» і «дзівосы», накшталт таго пашпарта «тэрарыста», які ў непашкоджаным стане апынуўся на попелішчы вежаў-блізнятаў».

Самі ж карыкатуры імам лічыць праявамі «ваяўнічага сатанізму», з якім мусяць змагацца не толькі мусульманскія краіны, але і дзяржавы з хрысціянскімі рэлігійнымі традыцыямі, накшталт Польшчы, Беларусі, Украіны, Расеі. Нагадвае пры гэтым, што акурат мусульмане выступілі ў свой час з пратэстам супраць выставаў і фільмаў у Расеі, якія ганьбілі Ісуса (прарок Іса ў мусульманаў).

Беларусам імам аддае належнае ў плане талерантнасці: ніякага негатыву пасля гісторыі з карыкатурамі джамаат (мясцовая грамада мусульманаў – аўт.) не адчуў: «Мабыць таму, што беларусы – людзі памяркоўныя і, перш чым нешта зрабіць, моцна і грунтоўна падумаюць, зададуць сабе пытанне: «А каму з гэтага карысць?»

Ранейшыя ж канфлікты гарадзенскіх мусульманаў з беларусамі мелі хутчэй побытавы характар непаразуменняў «тубыльцаў» з «іншаземцамі». Прычына большасці, як прызнаецца імам, крыецца ў грахах: у алкаголі альбо блудзе, што зазвычай здараецца ў студэнцкіх інтэрнатах альбо пасля наведвання дыскатэкаў.

«У сапраўдных мусульманаў, якія імкнуцца жыць паводле Карану і Суны, рэлігійных канфліктаў з людзьмі Пісання (да іх адносяцца юдэі і хрысціяне – аўт.) не можа быць апрыёры, няма падставаў. А што тычыцца прыватных момантаў… Рэплікі нецвярозых грамадзянаў каля крамы «Во, глянь, Фідэль Кастра» альбо «Глядзі, бін Ладэн» з намёкам на бараду, мяне не раздражняюць, мне шкада гэтых людзей», – даводзіць імам Рафаіль.

АК, Горадня, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары