Ільхам Аліеў хоча «вярнуць» Азербайджану Ерэван


Ільхам Аліеў

Кіраўнік Азербайджану назваў Ерэван гістарычнай тэрыторыяй краіны.

Паводле Ільхама Аліева, вяртанне ў Ерэван з’яўляецца гістарычнай мэтай Азербайджану.

9 лютага, падчас выступу на VI з’ездзе кіруючай партыі «Новы Азербайджан», Ільхам Аліеў заявіў:

«Ерэван з’яўляецца нашай гістарычнай тэрыторыяй, і мы, азербайджанцы, павінныя вярнуцца на гэтую гістарычную зямлю. Гэта зʼяўляецца нашай палітычнай і стратэгічнай мэтай, да якой мы павінныя паступова набліжацца».

Аліеў таксама аднёс да гістарычных земляў возера Севан і раён Зангезур, падкрэсліўшы, што пра гэта павінен ведаць увесь свет. Зараз, указаў Аліеў, у краіне пішуцца «самавітыя навуковыя працы, здымаюцца фільмы, арганізоўваюцца выставы» пра сувязь Азербайджану з яго гістарычнымі землямі. Прэзідэнт Азербайджану ўжо неаднаразова заяўляў, што ставіць сваёй мэтай «вяртанне Ерэвана».

Армянскія ўлады, у сваю чаргу, назвалі прэтэнзіі Ільхама Аліева непрымальнымі. Віцэ-спікер парламента Арменіі Эдуард Шармазанаў у каментары выданню «News.am» назваў заяву Аліева «бессэнсоўнай і смешнай». Паводле яго слоў, «непрымальна, калі ў XXI стагоддзі прэзідэнт адной краіны выказвае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседняй краіны». Як мінімум смешна, падкрэсліў армянскі палітык, калі прэзідэнт краіны, якой яшчэ не споўнілася і ста гадоў, кажа пра гістарычныя землі.

НМ, belsat.eu, паводле DW

Глядзі таксама
Каментары