Ільготы, што не заўсёды працуюць: як жывецца ў Беларусі сацыяльнаму прадпрыемству?


Для сацыяльных прадпрыемстваў, дзе не менш за палову працаўнікоў – людзі з абмежаванымі магчымасцямі,  заканадаўства прадугледжвае буйныя ільготы. Яны вызваляюцца ад падатку на дадатковы кошт ад продажу сваёй прадукцыі, маюць зніжкі на выдаткі ў фонд сацыяльнай аховы насельніцтва, а таксама на арэнду памяшкання. Аднак, колькі выгадаў – столькі і цяжкасцяў. Вялізнага прыбытку здабываць не атрымліваецца праз спецыфічнасць сваіх працаўнікоў, а яшчэ больш – праз недахоп ведаў аб сацыяльным прадпрымальніцтве ў беларускіх кліентаў.

Няшмат жадаючых працаваць у офісе сярод людзей з інваліднасцю

У Беларусі больш за 500 тысячаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак, для кіраўнікоў прадпрыемства «Легендастрой» складанай задачай апынулася набраць на сталую працу хоць два дзясяткі супрацоўнікаў. Прадпрыемства займаецца зборкай і продажам кампютарнай тэхнікі.

«Калі мы пачыналі, то думалі, што мы апублікуем аб’яву і ў нас збярэцца чарга з людзей з інваліднасцю, у якіх дагэтуль не было магчымасці знайсці нармальную сталую працу. А апынулася наадварот. Такіх людзей вельмі складана знайсці. Гэта заўсёды нейкія закрытыя групы, яны атрымліваюць свае нейкія выплаты і відавочна не хочуць працаваць», – кажа дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Багданаў.

Дзмітрый Багданаў

У офісе да супрацоўнікаў з інваліднасцю ставяцца як да звычайных людзей, з тымі ж патрабаваннямі, правамі і абавязкамі. Акрамя толькі скарочанага на гадзіну працоўнага дня і дадатковых перапынкаў, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Праца ў офісе, чыстая, тэлефонная і за кампютараммэнеджэр па продажы.

У памяшканні «Легендастрой»

Шукаюць супрацоўнікаў усімі магчымымі спосабамі: праз цэнтры занятасці, таварыства інвалідаў, на ўсіх парталах па пошуку працы і праз сацыяльныя сеткі.

«Мы ездзім па рэабілітацыйных цэнтрах, прапаноўваем. Я шукаў таксама праз суполкі ў «Вконтакте» для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Бываюць водгукі, але вельмі мала, а з тых, хто адгукаецца, многія нам не падыходзяць», – кажа Арцемій Падлескі, спецыяліст па падбору персаналу.

Арцемій Падлескі

Большасць сярод тых, хто шукае працу з інваліднасцю, хочуць атрымаць нешта простае і нізкакваліфікаванае. А таксама важкім абмежаваннем, што псуе кадравае развіццё прадпрыемства «Легендастрой» з’яўляецца адсутнасць зручнага асяроддзя для людзей на вазках.

«Яны проста фізічна сюды не трапяць. Пандус дазваляе даехаць да дзвярэй, а яны адчыняюцца рукамі і трэба цягнуць на сябе. Больш таго, вахцёры зачыняюць дзверы так, што хадзіць даводзіцца змейкай у вузкім калідоры, на вазку гэта не зручна. Ліфты ў нас часта не працуюць, асабліва раніцай, і яны вузкія, не кожны вазок туды ўлезе. Ну і прыбіральні ніякім чынам не ўладкаваныя. Таму калі б мы нават занеслі сюды чалавека на вазку, яму проста нязручна тут працаваць», – кажа Дзмітрый Багданаў.

Аляксандр, мэнеджэр па продажы, працуе ў «Легендастрой» ужо год. Ён мае сярэднюю эканамічную адукацыю, але дагэтуль нідзе не працаваў, хоць меў жаданне і прыкладаў намаганні.

Аляксандр, працаўнік «Легендастрой»

«Мне падказала знаёмая, што ёсць такая фірма, што бярэ на працу інвалідаў. Я вырашыў паспрабаваць, і вось я тут. У іншыя арганізацыі мяне не бралі, таму што інвалідаў у нашай краіне не ўсюды бяруць. Я быў на 8 ці 10 сумоўях, яны ведалі і бачылі, што ў мяне ёсць праблемы, і казалі «мы вам патэлефануем, але не тэлефанавалі», – распавядае Аляксандр.

У абавязкі Аляксандра ўваходзяць тэлефанаванне кліентам і перадача замоваў. Працадаўцы кажуць, што ў самым пачатку ў Аляксандра былі вялікія праблемы ў камунікацыі з чужымі людзьмі. Але праз колькі месяцаў адаптацыі ён вельмі падцягнуўся і прафесійна вырас.

Аляксандр на працоўным месцы

Дзяржава дала ільготы, але не дала магчымасці імі скарыстацца

У параўнанні са звычайнымі фірмамі, сацыяльныя прадпрыемствы маюць важкія прэферэнцыі, да прыкладу, у сферы дзяржзакупак. Заканадаўства прадугледжвае, што закупкі за кошт дзяржаўных сродкаў павінны праводзіцца з папярэднім правядзеннем аўкцыёну. Што датычыцца сацыяльных прадпрыемстваў, то закон дазваляе купляць іх прадукцыю наўпрост, без абавязковага правядзення тэндэру.

«Але тут ўзнікае праблема. Спецыяліст, які замаўляе тэхніку, не ведае законы, па якіх ён працуе. Часта яны ўпэўнены, што купляць усё з адной крыніцы без аўкцыёну – гэта крымінальная адказнасць. Мы нават папрасілі Міністэрства гандлю напісаць тлумачэнне, якое мы дасылаем кліентам і тлумачым, што ў нас набываць без аўкцыёну – законна», – распавядае Сяргей Шаўчук, каардынатар праектаў.

Сяргей Шаўчук

Такім чынам, замест таго, каб выкарыстаць сваё права безканкурэнтнага продажу, сацыяльнае прадпрыемства трапляе ў агульны спіс.

Да таго ж, прэферэнцыі датычацца толькі прадукцыі ўласнай вытворчасці. Для «Легендастрой», напрыклад, – гэта толькі сістэмныя блокі і серверы. Але асобна сістэмныя блокі купляе няшмат кліентаў. У асноўным попыт на рынку – на кампютары ў камплекце, разам з мышшу, клавіятурай і маніторам. А на камплект тэхнікі ільготы ўжо не дзейнічаюць. Даводзіцца тлумачыць кліентам, чаму патрэбна падзяліць закупку на лоты, а гэта дадатковы час і нязручнасці.

«Дзяржава дала ільготы, але не дала поўнай магчымасці імі карыстацца. Наша дзейнасць, у асноўным, скіравана на дзяржпрадпрыемствы, а яны не ўмеюць гэтым карыстацца. Добра было б, каб тыя, хто робіць закупкі на месцах, праходзілі атэстацыю на веданне законаў», – кажа Сяргей Шаўчук.

Адсутнасць культуры сацыяльнай адказнасці

«Мы думалі, што трапім у трэнд, бо апошнія гады ўсё больш гаворыцца, што трэба дапамагаць інвалідам. Калі б нашае прадпрыемства працавала ў Еўропе, то можна было б рабіць кошты нават вышэйшыя за канкурэнтаў, і гэта прадавалася б, таму што нясе нейкую сацыяльную значнасць. Мы таксама думалі, што будзе так, што ў тавары людзі будуць бачыць не толькі матэрыяльны, але і нейкі сацыяльны кошт. Не, не працуе», – усміхаецца Дзмітрый.

«Легендастрой» патрапіла на стэрэатыпы, што дагэтуль пануюць у беларускім грамадстве ў датычнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Кліенты могуць паведаміць у трубку, не саромеючыся, што не будуць купляць кампютары, сабраныя людзьмі з інваліднасцю. На шчасце, такіх няшмат. Некаторыя проста кідаюць слухаўку. А гэта для людзей, якім і так псіхалагічна няпроста ў грамадстве, з’яўляецца дадатковым стрэсам.

«Легендастрой» займаецца зборкай і продажам камп’ютараў

«Нават калі б мы дамовіліся з адміністрацыяй і правялі мадэрнізацыю памяшкання, каб у нас было зручна працаваць вазочнікам, адсутнасць культуры знішчыць усё гэта адразу. Чалавек на вазку не даедзе да нас нават з суседняга раёну, не сядзе без дапамогі ў метро або аўтобус і не праедзе па нашых вуліцах», – кажа Дзмітрый Багданаў.

Ліфт, які часта не працуе. Таксама ён занадта вузкі для чалавека на вазку

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў