«Іх вытворчасць – складаны працэс». Краіна без глобуса

video

Падобна, што ахвотныя мець глобус па-беларуску, будуць вымушаныя замаўляць яго ў Кітаі.

Жадаючы набыць дзецям пад ялінку глобус на беларускай мове, сябра руху «За свабоду» Зміцер Шыманскі сутыкнуўся з абсурднаю сітуацыяй: у Берасці немагчыма набыць глобусы, якія б не супярэчылі афіцыйнай беларускай пазіцыі.

Прычына: у Беларусі глобусы ўвогуле не выпускаюць. А на тых, што прыходзяць на наш рынак з Расеі, Беларусь называецца «Белоруссией», Малдова – «Молдавией», а Крым, Паўдневая Асеція і Абхазія пазначаныя як расейскія тэрыторыі.

У выніку спадар Шыманскі звярнуўся да прадпрыемства «Белкартаграфія», якое выпускае ўсе беларускія карты і атласы.

«Белкартаграфія» не займаецца вытворчасцю глобусаў, – заявіла прапрыемства ў пісьмовым адказе. – Вытворчасць глобусаў – гэта даволі складаны завадскі працэс, у Беларусі адсутнічае база па вырабе глобусаў. Да нядаўняга часу глобусы, якія траплялі ў гандлёвую сетку з-за мяжы, забяспечвалі патрабаванні ў гэтым прадукце».

«Аказалася, што ў 21-м стагоддзі выраб глобусаў – складаны завадскі працэс», – здзіўляецца Зміцер Шыманскі.

«У наступным лісце падкажу ім бізнэс-ідэю, па прыкладзе таго, як Інтэграл навучыўся вырабляць маніторы ACER, – кажа Шыманскі. – Думаю, можна арганізаваць краўдфандынгавую кампанію па вырабе ўнікальнай партыі глобусаў на беларускай мове».


Пакуль у Берасці прадаюць глобусы з «Белоруссией», у Магілёве Упраўленне гандлю і паслуг мясцовага аблвыканкаму «рэкамендуе гарадскім суб’ектам гандлю пазбягаць продажу палітычных мапаў свету і глобусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасць Крыму адрозніваецца ад агульнапрызнанай сусветнаю супольнасцю».

АС

Глядзі таксама
Каментары