Іх штрафуюць, але яны прыходзяць. Чаму Пальчыса падтрымліваюць нават ля зачыненых дзвярэй суда?


«Я ведаю, як цяжка там. За дзень цябе могуць закатаць у асфальт, і ім нічога за гэта не будзе» – рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык тлумачыць, чаму нам усім патрэбная салідарнасць.

«Менгарсуд, прыйдзе час ды Гаага прыме вас!»

«Нашу з сабой абутак ужо тыдзень, не магу да рамонту дайсці. Калі затрымаюць, міліцыі будзе цікава мяне абшукваць», – жартуе спадарыня Вольга Нікалайчык. На днях яна запрошана на мерапрыемства, дзе трэба выглядаць элегантна, а набойкі на абцасах знасіліся. На ёй бацінкі на танкетцы: «мае баявыя», з гумарам кажа актывістка.

20161020_145412
Актывісты насупраць суда, дзе разглядаюць справу Эдуарда Пальчыса

Вольгу Нікалайчык амаль заўсёды можна пабачыць у судах над актывістамі, якіх пераследуюць па палітычных прычынах, на пікетах у падтрыманне вязняў, на мітынгах нязгоды з сённяшняй дзяржаўнай сістэмай.

Да Менскага гарадскога суда яна прыходзіць ад панядзелку: пакуль за зачыненымі дзвярыма разглядаюць справу Эдуарда Пальчыса, яна трымае плакат з ягоным партрэтам ды скандуе лозунгі.

«Менгарсуд, прыйдзе час ды Гаага прыме вас!» – гэтая «крычалка» яе аўтарства. На мітынгах прадпрымальнікаў яна ладзіла «распродаж астаткаў»: сімвалічна перадавала Мясніковічу ды іншым чыноўнікам вопратку ў знак таго, што ІП пазбаўлены магчымасці працаваць. На вечары салідарнасці з Украінай, калі там пачалася вайна, яна варыла ўкраінскі боршч. Да амбасады Расеі прыносіла «касметычку «Начных ваўкоў».

«Атрымліваю лісты з зоны – мне пячэ рукі ад унутраных слёз чалавека»

20161019_152044
Вольга Нікалайчык ля Менскага гарадскога суда

«Ідэі фантаніруюць! Мне творчасць дапамагае дасягаць мэтаў», – кажа Вольга Нікалайчык.

Яе прафесія – рэжысёр-дакументаліст. Улюбёная тэматыка – сацыяльная. Хоць яна прызнаецца, што мае і мастацкія задумы.

«У мяне многа назіранняў, якія я мару рэалізаваць у літаратуры і кінематографе. «Антыспрут» – праект супраць карупцыі ва ўладзе, праект «Камунізм пад трыбунал». Хачу па сваім апавяданні зняць мастацкую стужку, але гэта трэба ва Украіне, бо пра вайну. Пра каханне ідэю пакуль адклала, бо калі людзі ў небяспецы, не да творчасці пра каханне», – расказвае Вольга.

Навошта творчая і актыўная жанчына прысвячае гадзіны і дні збору подпісаў, вулічным акцыям ды судам? «Не ад таго, што мне няма чаго рабіць, што хачу быць навідавоку, інтэрвю даваць. Не. Мне 48 гадоў будзе ўзімку. У мяне ёсць імя, а нават як бы яго не было, мяне задавальняе маё жыццё, – тлумачыць Вольга Нікалайчык. – Я ведаю, як цяжка там. Я там была нядоўга. За дзень цябе могуць закатаць у асфальт, і ім нічога за гэта не будзе. Памятаеце, як было ў Пцічкіна на Валадарцы?»

20 гадоў таму яна стала выходзіць на палітычныя мітынгі – часам трапляла на адміністратыўныя арышты.

«Я атрымліваю лісты з зоны – мне пячэ рукі ад унутраных слёз чалавека. Мужчыны ж не прызнаюцца, што ім цяжка, тым больш цэнзура. Калі пішуць «Воля, даюць адну бульбу, раз у тыдзень – буракі», а чалавек страшна хворы! Жыццё пераўтварылі ў пекла! Як ты не будзеш дапамагаць?! А мы, насамрэч, можам мала што зрабіць. Я не магу нават пасылку даслаць, бо не сваяк. Толькі інфармацыяй», – гаворыць актывістка.

Найчасцей за сваю дзейнасць яна разам з паплечнікамі атрымлівае штрафы.

«Штрафы з цяжкасцямі ўдаецца аплочваць. Хоць усё роўна прыходзяць судовыя выканаўцы па спагнаннях, якія ўжо даўно аплачаны. Я нікому не кажу, як я хварэю пасля стаяння на холадзе. Я ведаю, што мяне ўсё роўна ніхто не абароніць апроч Госпада і мяне самой, – кажа Вольга. – А тое, што з гэтай нагоды кажуць па БТ, мяне мала хвалюе. Людзі са сталінскага мінулага мяне не цікавяць. Яны Беларусь цягнуць у прорву – я з імі ваюю, бо іншага выйсця няма».

Маці актывісткі падзяляе погляды дачкі, хоць, натуральна, моцна хвалюецца. Яшчэ ў Вольгі ёсць пляменнікі, якія ёй «як родныя дзеці».

Пераключацца з плыні інфармацыі пра затрыманні, арышты ды суды ёй дапамагае творчасць: нават калі вершы ці апавяданне пра вайну. У юнацтве Вольга Нікалайчык скончыла музычную школу па класе скрыпкі і фортэпіяна. Цяпер яна любіць паслухаць канцэрты «з вялікіх рымскіх опер» праз сеціва. Яшчэ дапамагаюць аднавіць сілы лес і мора.

«Гэта тое, што трэба сучаснаму гарадскому вар’яту! Шэрая саўковая бандыцкая рэчаіснасць высмоктвае. Паглядзіце на твары людзей: як рыбы, якіх нават не хочацца засмажыць. Я неяк збірала подпісы, адна бабка ішла: «Ой! Вы тут адна. Шкада, што вам ніхто не дапамагае! Гэта ўсё ад таго, што няма ёду ў беларусах. Мы ўсе млявыя», – смяецца рэжысёрка.

Рэжысёрка кажа, што «Джона Сільвера» не бачыла ніколі, толькі лістуецца з ім. Пра мэтазгоднасць падтрымання Эдуарда пад сценамі суда яна гаворыць без ценю сумневаў ці стомленасці.

Эдуард Пальчыс чуе пікеты і праз сваю абаронцу перадаваў кожнаму з актывістаў словы падзякі.

Працяг разгляду ягонай крымінальнай справы – 24 кастрычніка а 10-й гадзіне.

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары