Ігар Шуневіч пра жорсткае затрыманне Кастуся Жукоўскага: Наступалі, не наступалі на галаву – праверым


«Любая інфармацыя аб супрацьпраўных дзеяннях нашых супрацоўнікаў будзе праверана. У тым ліку і па гэтым выпадку. Мы ні адно такое паведамленне не пакідаем без увагі. У тым ліку дамо ацэнку гэтым фактам. Наступалі на галаву, не наступалі… Ведаеце, на мой погляд не было ніякіх прычын супрацоўнікам органаў унутраных спраў так дзейнічаць. Я вельмі спадзяюся, што так яно і было», ― сказаў міністр унутраных спраў Беларусі ў каментары «Еўрарадыё».

21 чэрвеня Кастусь Жукоўскі разам з аператарам Аляксеем Атрошчанкавым здымалі рэпартаж пра стан эканомікі ў беларускіх рэгіёнах, у прыватнасці здымалі будынкі мясцовага цагельнага завода. Іх працу раптам перарвалі супрацоўнікі ДАІ, пазней пад’ехалі мясцовыя міліцыянты і брутальна затрымалі карэспандэнтаў.

Пазней Жукоўскі распавёў, што яго павалілі на падлогу, на галаву станавіліся каленам, давілі ў плітку, ламалі рукі, душылі, пасля дасталі кайданкі, прыціснулі так, што выклікалі хуткую – у яго быў павышаны ціск.

Цяпер Кастусь Жукоўскі здымае пабоі.

У той жа дзень на Ждановічах затрымалі карэспандэнтаў «Белсату». Яны запісвалі інтэрвю са старшынём прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» Анатолем Шумчанкам на рынку «Лебяжий», дзе ўжо цягам тыдня адбываюцца праверкі і канфіскацыі тавараў у прадпрымальнікаў.

Чытайце таксама >>> У Гомлі прадпрымальніца скончыла жыццё самагубствам, скокнуўшы з вакна восьмага паверху

ДР belsat.eu паводле euroradio.fm

Стужка навінаў