Ігар Мельнікаў: Сучасныя беларускія ідэолагі не ведаюць гісторыю


Сяргей Пеляса паразмаўляў з гісторыкам Ігарам Мельнікавым пра адрозненні Другой сусветнай ад Вялікай Айчыннай вайны ды міжнародныя праблемы, якія засталіся пасля заканчэння гэтай вайны.

– Што больш правільна – адзначаць перамогу ў Вялікай айчыннай вайне, як Расея і Беларусь, ці ў Другой сусветнай, як Украіна?

– Правільна з гістарычнага пункту гледжання ведаць гісторыю. А ў нас, на жаль, больш ідэалогіі, чым гісторыі. Вялікая Ацчынная вайна, калі выкарыстоўваць гэта акрэсленне, адна з кампаніяў Другой сусветнай вайны. Важна ўлічваць, што 9 траўня – беларускае свята і частка беларускай гісторыі. Варта святкаваць і ўзгадваць пра ахвяры вайны.

– Чаму з кантэксту беларускай афіцыйнай ідэалогіі выпала гісторыя беларусаў, якія змагаліся на іншых франтах вайны? Чаму ўдзел беларусаў у польскіх узброеных сілах не выкарыстоўваецца Беларуссю дзеля паляпшэння адносінаў з Захадам?

– Усё банальна – сучасныя беларускія ідэолагі не ведаюць гісторыю. Калі я адкрываў выставу «Заходне-беларуская Атлантыда» прыйшлі афіцыйныя людзі і сказалі, «а што тут робіць форма паляка і форма чырвонаармейца, яны што паміж сабою ваявалі?« Я кажу, што можна было б яшчэ паставіць жаўнера Вермахта, тады б была цалкам карціна. Людзі не ўсведамляюць, што вераснёўская кампанія 39-га года частка беларускай гісторыі, што беларусы пачалі змагацца з нацызмам менавіта тады. І таксама армія Андэрса, частка выкінутая савецкімі ідэолагамі, бо гэтыя ветэраны ў 51-ым годзе ўсе паехалі ў Сібір, іх Сталін выслаў. А калі яны вярнуліся, то атрымаўшы савецкія вайсковыя білеты, яны нават не мелі запісу – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. І толькі ў 90-ыя гады гэтыя людзі атрымалі першыя ўзнагароды. Цяпер нашчадкі гэтых людзей спрабуюць, каб дагрукацца, каб пра іх ведалі прынамсі іх сваякі і грамадства.

Чаму ў Польшчы дэмантуюць помнікі савецкім жаўнерам? Чаму табліца з забітымі грамадзянамі Польшчы з так званага «беларускага катынскага спісу» у варшаўскім катынскім музеі дагэтуль пустая?

Гэтая тэматыка вельмі палітызаваная. Менавіта з-за ўплыву сённяшняй Расеі. У Расеі паказваюць гэта як барацьбу з савецкімі сімваламі, не колькі нават з сімваламі, колькі з гісторыяй. І шкада, бо я мяркую насамрэч, гэта было вызваленне, бо два маіх дзеда ў складзе Савецкай арміі пад Варшавай ваявалі і змагаліся. Большасць палякаў так лічыць, што звычайныя жаўнеры вызвалялі зямлю. Праблема ў тым, што пасля развалу Савецкага Саюзу Расея не выдаткавала ані долара на падтрыманне гэтых могілак, самі палякі ўсё гэта ўтрымлівалі.

Сяргей Пеляса, belsat.eu

Стужка навінаў